Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/104

Гэта старонка не была вычытаная

можа не пазнала мяне? Я стары, а яна маладая: яшчэ ёй трэба ўчыцца, як жыць на сьвеце“. Тады Карпа прыводзіць да яго Агапку. Парамон, глянуўшы на яе смутны твар: „Ня смуціся, — кажа, — пажывеш, палюбіш і добра будзе“.

Акім, селянін з аднэй воласьці, падданы пана К. Г., быў некалі ў вялікай злосьці з Парамонам. Падпіўшы, бо за гарэлкаю ня любіў траціць дарма часу, ён прыпомніў тую злосьць, залажыў рукі за паяс, адставіў правую нагу і, стоячы перад Парамонам і гледзячы яму ў вочы, гэтак пачаў:

— А! Кланяюся!

Няўчом котка хвост свой лізала,

Аж яна цябе ў госьці чакала.

Усе глянулі на Акіма. Ня рады былі, што ён, у хмялю, асьмеліўся строіць жарты з Парамонам. Баяліся, каб ня выйшла з гэтага якога ліха, бо ўсе верылі ў Парамонавы чары, што ён можа ня толькі розныя хваробы на людзей наслаць, але, калі захоча, усё вясельле пераверне ў ваўкоў.

Парамон глянуў на яго з усьмешкаю:

— А ты — кажа, — так ідзеш часам туды, дзе беляць палатно, што цябе, такога госьця, ня толькі вартаўнік ня ўпільнуе, але й сабака ня зьнюхае…

— Га! Добра помню, як мяне абвінавацілі, што я ўкраў палатно, ― адказаў Акім. ― І ты варажыў на рэшата: як сказаў мяне й дудара Грышку, яно пакруцілася, ― значыцца, на нас паказала. Аканоміха паверыла тваім чарам, бяз міласьці нас білі, а пасьля даведаліся, што ня было нашай віны, дарма нас мучылі. Нягодныя твае ўчынкі, і ў чарах тваіх няма ніякай праўды.

Тут адгукнуўся й дудар Грышка:

— Га! А як-жа, помню й я: варта было-б за тваю фальш у чарах кіём табе падзякаваць…

Парамон ня мог ужо сьцярпець. Вочы яго заблішчэлі, ён увесь пачырванеў, схапіўся з лавы. Усе спужаліся. Карпа хапаець яго за шыю і просіць, каб дараваў п’яным, бо самі ня помняць, што кажуць. І Агапка ловіць яго за руку, просіць выбачэньня, што ў іх зрабілі яму гэткую прыкрасьць. Акіму й Грышцы кажуць, каб забыліся на тое, што калі было, і пагадзіліся-б з ім.

Чараўнік, троху супакоіўшыся, кажа:

— Добра, я пагаджуся. Я не хачу, каб гульня ў вашай хаце перабілася; хачу, каб яна яшчэ павесялела. Няхай сабе Грышка йграе на дудзе, а Акім гуляе!

І з хітрай усьмешкай дадаў:

— Дык хадзіце: на просьбы гаспадара й маладой гаспадыні вып’ем адзін да аднаго па чарцы гарэлкі. Яшчэ пятух не запяяў, цяпер самая пара павесяліцца.

Карпа, Агапка й госьці прысіляюць Акіма й Грышку, каб яны селі за стол з Парамонам. Тыя паслухалі, выпілі па чарцы, зараз — па другой.