Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/105

Гэта старонка не была вычытаная

— Згода, згода! — крычаць некаторыя госьці, — сталы застаўлены ядою, досьць і напіткаў, пійма, гуляйма, жадаючы маладым багацьця, здароўя і даўгога жыцьця.

Запяялі песьню. Грышка надувае свой скураны мех. Моладзь гуляе. Парамон, задумаўшыся, з злым тварам пазіраў то на Акіма, то на дудара; нейкі час была добрая вясёлая гульня. Але раптам Грышка пачынае йграць нейкага шалёнага казака, госьці крычаць і просяць, каб граў „Цярэшку“, пяюць: «Цярэшцы бяда стала». Ён ні на што не глядзіць, ні з кім не згаджаецца і ўсё грае сваё бяз ніякага ладу. Раптам і Акім выбягае на сярэдзіну і пачынае скакаць, як шалёны, хто ведае паякому; дзівуюцца ўсе, гледзячы і не разумеючы, што з імі зрабілася. Просяць аднаго й другога, каб адзін кінуў іграць, а другі гуляць, — нічога не памагае, ніякіх просьбаў ня чуюць, быццам здурнелі абодва. Хочуць яго ўдзержаць; ён мармочучы нешта незразумелае, вырваецца, ізноў скача, і дудар іграе бесьперастанку. Парамон, гледзячы на іх з боку і голасна сьмяючыся: «Не чапайце іх, — кажа, — няхай павесяляцца; другі раз не захочуць з кожным чапацца“. Карпа просіць яго, каб прабачыў і сказаў ім перастаць.

— Хай яшчэ пагуляюць, — адказаў Парамон; — гэта наўчыць іх паважаць разумнейшых людзей.

Доўга мучыліся гэтым шалам дудар і Акім. Аж Грышка выпусьціў з рук дуду і заваліўся на зямлю, самлеўшы. Акім пачаў хістацца і пачарнеў увесь, як перад сьмерцю.

Парамон, спагнаўшы злосьць, пашаптаў нешта, даў ім вады, і яны прыйшлі да розуму.

Пасьля вясельля Карпа хутка паставіў другую хату, з вялікімі вокнамі; разьвёў сад. Хата яго была больш падобна да дворнае, чымся да мужыцкае хаты. Ён пасадзіў пад вокнамі такія краскі, што растуць у паноў і з іх няма ніякай карысьці. Агапцы забараніў насіць шнуроўку і на галаве хустку; загадаў прыбірацца ў паркалёвыя сукні, якія носяць шляхцянкі.

Пан у яго бываў у гасьцёх; меў грошы, меў і пашану, але ці-ж у гэтым шчасьце?

Заўсёды быў ён неспакойны. Агапка не магла яму дагадзіць. Яе пацераў, якіх яе наўчыла матка, ён цярпець ня мог. А поўначы ўсхопліваўся часам з ложка і ля дзьвярэй або ля вакна гаманіў няведама з кім; выбягаў вон і прападаў хто ведае дзе, аж пакуль пятухі не пачыналі пяяць.

Меў сяброў, з якімі гарай заліваў трывогу сваей душы. Бывала, па некалькі дзён ня было яго ў даму.

Раз увечары Агапка смутная сядзела адна ў хаце, ждучы яго. Раптам сьвятло, як маланка, асьвяціла сьцены, і ўзноў цёмна. Аж уваходзіць маладзец, дужа хораша ўвабраны, на руках у яго многа залатых пярсьцёнкаў, а падпяразаны шырокім чырвоным паясом.