Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/106

Гэта старонка не была вычытаная

— Кланяюся маладзіцы, — сказаў ён; — што-ж так сядзіш адна, як сірата якая? Глядзіш мне ў вочы, я табе чужы, — але я цябе часта відзіў і добра знаю. А дзе-ж Карпа, мужык твой?

— Ня ведаю: трэці дзень, як яго няма. Недзе ў знаёмых, а можа паехаў у места…

— Што яму рабіць у месьце? Гуляе сабе, — золата і срэбра маець даволі. А якая-ж з гэтага карысьць? Мог-бы збудаваць такую хату, што ўся-чыста сьвяціла-б золатам і серабром. Жыў-бы лепей, як князь. Ты маладая, прыгожая і разумней за яго, прымі ўсё на сябе. Я табе буду памагаць, і мы сьвет задзівім.

Гаворачы гэтак, сеў к ёй бліжэй.

— Бачыш, што я магу? — сказаў, сыплючы на зямлю золата і гледзячы на яе.

— На грошы я ня галюся; хачу толькі, каб душа была спакойная; і хай апякуецца мною Прачыстая Маці Сірацінская…

Як толькі сказала яна гэтае імя, шугануў ён полымем і раптам зьнік. Агапка нема закрычэла, кінулась за дзьверы і самлела.

Ураньні вярнуўся дамоў Карпа. Як яму сказалі аб тым, што дзеілася, ён доўга, неспакойны, хадзіў па хаце. Тады падыйшоў да жонкі і сказаў:

— Што-ж ты зрабіла? Калі пасеяна, дык трэба й жаць…

— Я ня сеяла, — адказала яна, заліваючысь сьлязьмі; валей памерці, чым зьбіраць гэткую ніву.

Ён кінуўся на яе з кулакамі, але яна ўцякла й схавалася, пакуль злосьць яго не адпусьціла.

Адзін раз увечары сядзеў ён задуманы ў хаце ля вакна; чуваць было, што гаманіў сам з сабою. Агапка просіць яго, каб супакоіўся. Ён толькі адказаў: «Вярнуся заўтра» — стукнуў дзьвярмі і пайшоў няма ведама куды.

Агапка гукнула да сябе суседку-бабу, бо адна баялася начаваць. Толькі задрамала, чуе, што нехта гарачай далоньню даткнуўся да яе рукі; глянула і відзіць: гэты мужчына, што яе надоячы перапалохаў, стаіць, дзіўна апрануўшыся, глядзіць на яе, і вочы яго гараць, як дзьве сьвечкі; шапачка на галаве і паяс, каторым быў падперазаўшыся, былі чырвоныя, як жар або распаленае зялеза. Яна, спужаўшыся, на сілу рукой магла крануць, каб пераксьціцца, і ён тут-жа зьнік. Пабудзіўшы прыяцелку, Агапка сказала ёй аб гэтым страшным зданьні; пагаманілі троху, а як супакоіліся, узноў тое страхацьцё зьявілася перад імі і ўзноў зьнікла на ўспамін імя „Ісус-Марыя“; дык усталі, запалілі сьвятло і маліліся, пакуль пятух не запяяў.

Агапка перад усходам сонца пасылае бабу да сваіх бацькоў, каб расказала аб страхацьцёх і каб прасіла іх даведацца і парадзіць ёй, што мае рабіць у гэткай прыгодзе.

Пайшла пагалоска па ўсёй воласьці аб тым, што зьмей некалькі разоў пужаў Агапку, паказваючыся ёй у розных постацях. Карпа-ж