Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/107

Гэта старонка не была вычытаная

казаў, што гэта няпраўда, што быццам яго жонка дурная, а можа й чорт яе страшыць за якія грахі.

Надвечар, як у полі кончылася работа, Гарасім са сваёй жонкай пайшлі даведацца дачкі. Агапка, як іх агледзіла ў вакно, з вялікай радасьцяй выбегла сустракаць; уводзіць іх у хату і са сьлязьмі разказвае сваё гора, зьмену у жыцьці яе мужа, зьяўленьне ў пастаці чалавека гэтага зьмея, каторы яму служыць. — „Тож-ба то, — адказаў Гарасім; — калі я, перад тваім яшчэ замужжам, расказваў аканому і іншым людзём, што Карпа выгадаваў сабе зьмея, каторы яго багаціць, сьмяяліся з мяне, казалі: „Дурны мужык“. І калі дайшло да пана, ён сказаў: „Слухай, хаме, калі ня кінеш расказаваць гэтыя байкі, то дастанеш з пяцьсот розак і паў-галавы агалю, як вар’яту“. — Што яны цяпер на гэта скажуць?“

Маці, плачучы, ей кажа: „Хутка збярэм з поля, пойдзем разам да Прачыстае Маці Сірацінскае, намаўляй і яго, каб ішоў і быў там у споведзі. Бог зьмілуецца, а цяпер вось маю з сабою сьвяцонае зельле: будзем ім што вечар курыць хату, і можа дасьць Бог, што гэта ўсё супакоіцца“.

Гэтак яны сядзелі й гаманілі аб тым-сім. А Карпы ўсё ня было. Ужо пацямнела ў хаце, ноч была цёплая, неба чыстае і так ціха ў паветры, што, здавалася, волас не шавяльнуўся-б на галаве. Троху паждаўшы, Агапка разьвяла агонь і кінула сьвяцонае зельле на вугальле. Раптам за сьцяною загудзеў вецер і ў хаце заблішчэла. Усе задрыжэлі. Агапка, спуджаная: „Вось ён!“ — закрычэла. Змоўклі і мовячы пацеры ждалі, што будзе далей. Ля печы стаялі гаршкі; адзін падлятаець у гару, валіцца на зямлю і разьбіваецца на дробныя чарапкі. Гарлачык з путрай, што стаяў на лаўцы, ускачыў на стол, са стала скаціўся на зямлю і разьбіўся на дробныя часткі. Кот упудзіўся і чмыхаючы кінуўся пад лаву. Рознае хатняе пасудзіньне зачало лётаць з аднаго кута ў другі.

Гарасімава жонка зьняла з сябе мядзяны крыжык, пасьвяцоны ў Юхавічах, і ўзлажыла яго на дачку, сказаўшы: „Няхай ён цябе бароніць“. Як сказала гэтак пабожная жанчына, дробныя камні, быццам град, вылятаючы з цёмных кутоў, стукаліся ў сьцяну. І каменьне ў колькі хунтаў вылятала з-за печы. Аднак, ніводзін камень ня ўдарыў бацькоў і дачкі.

Мінула поўнач, запяяў пятух. Гэтае страляньне троху аціхла. Тады Агапка з бацькамі пайшла да іхнае хаты.

Як ужо сонца было высока, прыяжджае Карпа, знаходзіць пустую хату і сустракае адну толькі бабу, якая прыйшла, увідзіўшы гаспадара. Ён пытаецца, у чым справа і дзе жонка? Тая пераказала ўсё, як дзеілася. Карпа спужаўся, крыкнуў: „Яна мяне згубіла!“ — і зараз-жа пабег к чараўніку Парамону.

Вестка аб усім гэтым у той-жа дзень разыйшлася па ўсёй ваколіцы.