Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/109

Гэта старонка не была вычытаная

З БАЛЯДЫ „НЯЧЫСЬЦІК“.

(1853 г.).

Часта, братоньку, вядзеш тое-сёе,
А ўсё-то марна, а усё пустое.

Таму ўжо сто лет будзе —
Старыя помняць людзі,
Скажаць вам і Апанас:
Жыў-быў Мікіта у нас.
На самым канцы сяла —
Там яго хатка была.
Дзяцей ня меў, хоць жанат,
А быў бедзен — не багат.
Багацтва-то усяго
Меў вяпра ён аднаго.
Ды не спажыў і таго:
Ў мясаед яго ня біў,
На продаж, кажуць, карміў,
І так даждаўся паста.
Душа-ж Мікіты праста:
Ён у сяле усім сват,
Суседзям дораг, як брат;
Суседзі яго любілі,
А чым маглі — тым дарылі.
І вот так ён сабе тлеў:
„Іван зрабіў — Іван зьеў!“
Часам, праўда, і упіўся,
Ды з нікім ён не сварыўся,
Толькі-ж на бяду сваю,
Імеў жонку, як зьмяю:
Ці цьвяроза, ці п’яна,
Як ведзьма, была яна!
Каб яе паляруш біў!
Ніхто яе ня любіў.
І муж спакою ня меў:
Ні ён выпіў, ні ён зьеў,
Ні прачнуўся, ані спаў,
Каб чорт яе не наслаў!
Кажу: Мікіта ня жыў,
Пакорны, як цяля, быў,
Што хацела, то рабіў…
Абы ў ласку ей папасьць,
Ішоў, бедны, хоць-бы красьць!
Ды яшчэ-ж ня ў тым канец.
Адкуль ішла пад вянец,
Адтуль, кажу, ўжо ніколі
Царквы ня відзела болей
І, як мне Марта казала,
Чарту душу запісала.
А чорт то быў із чарцей!
Мудрагель нейкі, зладзей:
Так ей ён верна служыў,
Гдзе ні пайшла, пры ей быў;
Што хацела, то купіў;
Мужыка, як мог, дурыў,
А жоначцы спагадаў,
Усячыну падсуваў,
Пакуль душу не паймаў.
Не адзін шаптаў сусед,
Што ў Мікіты Бога нет.
Яны-то ўжо і згадалі!
Паглядзім, што было далей.
Як мы ўжо тое казалі,
У Мікіты вяпрок быў;
Ён яго, як мог, блюдзіў,
Штоб толькі пост перабыў.
Мікіта наш ня быў ласы,
Жонка-ж любіла кілбасы;
А чорт за жонкай хадзіў!
Як пачаў яе дурыць,
Вот так-так ашаламіў,
Што у пост сьвінку забіла,
Абскрабла і абсмаліла,
Ужо кілбас нарабіла.
Муж пашоў водкі прынесьць
Ад арандаркі цішком,
І хацелі ужо есьць,
Аж тут ня было на чом!
Нячысьцік, знаеш, ня спаў:
Таму ужо так і быць!
Ён іх здумаў скалаціць, —
Пабач, што ім заіграў!
Жонку ў каршзнь — па талерку,
Мікіце — ў зубы бутэльку:
Буль, буль, буль, буль, буль — і вот
Пайшла сівуха у рот!..
Бес-жа рад, што іх паймаў
Так гладка у самы час!