Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/110

Гэта старонка не была вычытаная

Каб і ня елі кілбас,
Другі загнуў ён кручок:
Цап за мяса, ды й уцёк!
А штоб ня было пазнакі,
Наслаў кошкі і сабакі,
І ўсякаму у куток
Кінуў кілбасы кусок.
Мікіціха ў хату — мах!
Аж тут глянуць ажно страх!
Кошкі мяўкаюць, дзяруцца,
Сабакі сабе грызуцца!
Усе сьцены ну-ж трашчаць!
Лаўкі і сталы — скакаць!
А на печы чорт-прахвост,
Узяўшы у зубы хвост,
Патуль шчокі надымаў,
Аж як на дудзе зайграў,
А пасьля захахатаў,
Прыгнуў на стоўп ды прапаў.
Мікіціха — да мужа!
Чуць не ўхапіўшы нажа:
„Якія-ж чэрці у нас?
„Ні гарэлкі, ні кілбас!
„Хто нашу сьвініну зьеў?
„Гдзе ты гарэлку падзеў?!
„Каб ты скрозь зямлю прапаў,
„Астатні раз пазіраў!..
„Уту, нячыстая твар!
„Паганы башкір! Татар!
„А штоб ты здох! Штоб асьліз!
„Каб ты згарэў! Штоб павіс!“
Мікіта-ж таго ня чуець,
Што яна так гамануець:
Ён-то нямнога і піў,
Ды чорт з панталыку зьбіў:
Кажу, так горка упіўся,
Што і з ног ужо зваліўся,
Абсьлініўся, аббляваўся…
Кінем яго, штоб праспаўся.
Мікіціха не п’яна,
Ды ўжо чортава яна!
Захацела, як ні будзь,
Каб і Бога абмануць!
Бес-жа ад бабы мудрэй:
На ўсё прыдумаў зацей!
(К яму трудна раз папасьць!)
На што-ж было мужа клясьць?…
Бо хто хоча другіх клясьць
І кажа: „Каб ты прапаў!“, —
Можа і сам прапасьць.
А усім такім цяпер
Вот з Мікіціхі прымер!
Яна, чуць тое сказала,
Бач: згарэла і прапала!..
Чорт хатку смалой абліў,
Ўзяў яе ды й запаліў;
Як у пекле, сам пяець, —
Яму і тут усё роўна!
Хата ужо чарцей поўна,
А чарцянят поўна клець!
Скачуць, верцяцца па клеці,
Кажу, як хрышчоны дзеці!
Ўсякі весел ды і рад,
Што іх бацьку пайшло ў лад.
А шатаны-ж іх там знаюць,
Што яны за сілу маюць?
Вот так, як птушкі, лятаюць!
Адзін задумаў скакаць
З-пад лаўкі аж на палаць!
Другі цуп-луп на калок
І тру-ру-ру, як млынок!
Трэці ходзіць на рагах!
Чарту нішто не ў прамах!
Гэты на агонь дуець,
Агу! занялася клець!…
Той дзьверы падпёр, як дуб,
А той, ўзяўшы кацюбу,
Шмык у хату скрозь трубу!
І Мікіціху за чуб!
Торгаў, сморгаў па палу,
Тады піхель! у смалу…
Вота-ж табе! Ня будзь ласа!
Гдзе-ж цяпер твая кілбаса?
Ўсё прапала ў адну ноч…
І назаўтрае, чуць сьвет,
Мікіціхі ужо нет!
Уся воласьць тут прыйшла,
І нікога не знайшла:
Хатка скрозь зямлю пайшла!..


|}