Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/112

Гэта старонка была вычытаная

..............
Благасла́віць будзе Бог
Ў каморы, аборы;
І ня будзе такі люд
Бясьсільны, як хворы.
Ой, каб колісь нам дажыць
Да такой паправы,
То-б запеў-бы з вамі я,
Што нам Бог ласкавы!

|}


ПОКУЛЬ СОНЦА ЎЗЫДЗЕ…

Покуль сонца ўзыдзе,
Раса выесьць вочы;
Кепска[1], як акоман
Лаяць, біць ахвочы.

Пане ты наш, пане!
Будзь-жа нам ласка́вы,
Ня дай акамона,
Што асьцёбаць жвавы;

Хто мужычкоў глуміць,
Надвое варожыць;
Грош пану ў кішэню,
А два сабе ўложыць.


АЙ ЕЙ, ЯКІ ЕН ДОБРЫ ГАСПАДАР!

Ай ей, які ён добры гаспадар!
Восень ўжо прышла, не арат папар;
А ён у карчме сядзіць,
Упіўся, на лаўцы сьпіць.

Ай ей, які ён добры гаспадар!
Дома, на дварэ крык, і плач, і свар;
А ён з паленам ў руцэ
Таго, сяго глуміць, б’е.

Ай ей, які ён добры гаспадар!
Да карчмы занёс увесь Божы дар!
А у хаце голад, ліха,
Толькі, як пашоў, то ціха.

  1. Дрэнна.