Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/117

Гэта старонка не была вычытаная

Беларуска-маскоўскія пісьменьнікі.


Павел Міхайлавіч Шпілеўскі.

(1827 — 1861).


З „ПАДАРОЖЫ ПА ПАЛЕСЬСІ І БЕЛАРУСКІМ КРАІ“.

(1858 г.).

V.

.......... .................. ......

Сонца троху-патроху захадзіла і ўжо хавалася між бярозавых прысад і лесавых соснаў; лёгкі ветрычак-дуронік каўзаўся ў чыстай атмасфэры, выгукаючы ласы нахіл да пяшчоты і вечаровай пагулянкі ў цянёвым гаі, што ля ўскрайку недалёчкага лесу.

Па дарозе мне сустракаліся знаёмыя твары і вопраткі, чулася родная беларуская мова, каторая… шчасьлівы час!.. некалі, у гады маленства і дзяцінства, адбівалася ў вушох маіх, калі добранькая бабуля-нянька байкала мяне фантастычнымі казкамі аб шапачцы-нявідзімцы, аб заклятых князёх і князеўнах, аб Бабе-язе, касьцяной назе…

У гады маленства я й ня думаў, што некалі, гадоў цераз дваццаць, буду давучавацца роднай сваей мове і дзеля таго падарожнічаць па тых самых месцах, каторыя так дорагі для мяне ўспамінамі а шчасьлівай мінуўшчыне…

Зачуўшы даўна знаёмую мне беларускую гутарку, я няўмысьля прыстоіў і, здаецца, удыхаў у сябе чутыя ў паветры гукі мэлёдычнай пявучай мовы; у душу маю так вось і прасіліся водгукі слоў, казаных, па звычаю беларусцаў, нарасьпеў, з працягам…



Што за відаль! Што за маляўнічая вясковая відаль! Стогадовыя бярозы, распусьціўшыя вецьце ўдоўжкі і ўшыркі і агорнутыя яркай зелянінаю вузорнага лісьця, згодна жмуцца адна да ’днэй абапал дарогі, — так што, едучы шыбка, можна памылкова пабачыць іх, як усьцяж густы лес. Дарога праз увесь час вілаваціцца і губіць свой ланцуг у бясконцых зігзагах за́варатак то направа, то налева. А як часта з горкі пад горку! Паваждай гойкнець, і конікі кінуцца ў дол, як слова ў правальле, што тоіцца між дзьвюх высокіх гор. Толькі дзяржыся ды крапіся.