Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/118

Гэта старонка не была вычытаная

Конікі йзноў вынырнуць з правальля, як тыя духі з-пад зямлі, і занясуць цябе на высокую, войструю горачку, з каторай, то й дзіві, стоць пакоцішся ў роў ці канаву… — „Ня бойся, панок, ня хібім!“ — крычыць, аглядаючыся, хлопец. І супакойваешся і ймеш веры ў яго беларускае слова. І ўзноў загледзішся на прыгожую відаль старыннае дарогі… Вось бачым па бакох, на горках і курганках параскіданы хаты, нязьлічоныя сялібы, дваркі і фальваркі дробнай шляхты…

.......... .................. ......

Там, у садзе, у кутку, стараваты пан у нанкавым балахоне, з гародніцкім нажом у руках, даглядаець маладзенькія прышчэпкі дуляк. Каля яго стаіць, разьзявіўшы рот, малец з голай галавою і ў дрэнных ботах, не шмараваных з таго дня, як пашыты: гэта яго сын, што прыбыў на вакацыі са школы і апрануты пахатняму. На другім баку сада — тучная, пышная паня, з нечасанымі валасамі, у нейкіх міфолёгічных пантофлях, шэрай даматканай спадніцы і накінутай на расплытыя ад туку плечы чырвонай ціфцікавай хустцы, памагае дзьвюм бяззубым бабам вешаць толькі што папранае плацьце (хусьце). У пасяродку сада, на драўлянай лаўцы, сядзіць шаснаццацёх-гадовая блёндынка і быццам пляцець шкарпэткі, — пляцець, а пруткі ўвесь час валяцца з яе рук. Мамухна казала дрыжонай сваей дачушцы, якая ня дужа даўна вярнулася з менскага ці слуцкага пансіону, каб даглядала за палоўшымі сачавіцу батрачкамі. Ды любая дачухна і ня зірне на работніц: яна сядзіць сабе, раскінуўшыся, і нешта шэпчаць у паветра… Маладзенькай паненачцы спадабаўся нейкі менскі паніч ці сусед-паночак, а можа быць навет і слуцкі канцэлярыста…

VI.

.......... .................. ......

… раніцаю а сёмай гадзіне я пад’яжджаў пад родны Менск.

Во абмінуў я знамяніты романічны Ляхаўскі гай, дзе так любяць пагуліваць менскія аляганты; во праймчаўся міма прыгожага фальварка Горак; вось віднеюцца будынкі казармаў, белакаменная, з харошымі круглымі вежамі турма; вось выглядаюць готычныя шпіцы Петрапаўлаўскага сабору, будынкі Архірэйскага двара, сьцены Бэрнардынскага кляштару; вот прада мною застаўны дом і нарэшце шлагбаум. З будкі выскачыў салдат з зялезным кійком, але, зачуўшы паштовы званок, схаваўся ізноў у сваю перапялёсую каюту. Шлагбаум паднялі, — і вот я ў Менску! Вітаю цябе, роднае места, беларуская зямля! Вітаю вас, любыя, дарагія па ўспамінах месцы! Як даўно ня відзіў я вас! Колькі суму і жалю зазнала мая душа далёка ад вас! Я пабачыў вас не-ткі! І на душы ў мяне адлягло.