Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/119

Гэта старонка не была вычытаная

VIII.

.......... .................. ......

Да якой ступені, блізка без абы-якой грунтоўнай зьмены, захавалася беларуская мова да цяперашняга часу ў вуснах сёньняшняга народу Меншчыны, г.-ё. старадаўных крывічоў, можна меркаваць з таго, што ёсьць поўнае падабенства старадаўнай мовы, у якой пісаны былі ўмовы, акты й граматы, з моваю жыхароў так званых засьценкаў ці ваколіц.

Насельнікі іх (засьценкаў) маюць жыцьцё сьціплае, патрыярхальнае, займаюцца скатаводзтвам, садаводзтвам і наогул земляробствам; да 1830 году яны мелі свой суд, сваю расправу, урадныя зборы, на якіх дзяды рашалі справы агульных непаразуменьняў і каралі вінаватых, парушаўшых правілы старадаўных пераказаў. Яны між сабою толькі вялі гандаль, мелі сваю нацыянальную вопратку і дзяржалі пры дамох заўсёдных хатніх настаўнікаў (шпэктараў), якія ўзгадоўвалі іхных дзяцей і разам памагалі ім працаваць.

Дык у гэтых засьценках, вы й цяпер пачуеце тую славяна-крывіцкую мову, у якой пісаны былі дзяржаўныя акты… У ёй яны пішуць пісьмы й заметкі аб гаспадарцы; у гэтай мове знойдзеце вы ў іх пісаныя песенькі, розныя легэнды й казкі.


ЗАСЬЦЯНКОВЫ ГУБЭРНЕР.

(З „Падарожы“).

Застаўшыся ў засьценку (па дарозе з Барысава ў Ігумень), я пазнаёміўся з засьцянковым губэрнерам, ці шпэктарам.

Прачнуўшыся ўраньні, я быў надта зьдзіўлены гукамі, якія чуліся за сьценкаю майго пакою: букі-аз-ба, ведзі-аз-ва, глаголь-аз-га, — букі-он-бо… і г.д. Я папытаўся ў хурмана, што гэта? Хурман адказаў: „Губэрнер вучыць дзяцей“. Мне дужа захацелася паглядзець на гэтага губэрнера, і дзеля таго я сабраўся быў пайці ў суседні пакой. Аж губэрнер папярэдзіў мяне і сам зьявіўся ка мне.

Гэта быў адзін з нікім неапісаных беларускіх тыпаў, які надта зьдзівіў-бы вас з першага знаёмства з ім.

Губэрнер быў даволі паджылы чалавек, высокага росту, тонкі, як пруток, з даўгімі валасамі на галаве і няголенаю з месяц барадою; на ім быў нейкі сурдут ці вэнгерка, якая ледзь абцягавала яго мізэрнае цела, — з станам (таліяй) блізка што на плячох і вузенькімі й кароценькімі рукавамі. Заместа ботаў на нагах яго былі чаравікі, прывязаныя к нагам вяровачкамі.

Ён адрэкамэндаваўся мне.