Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/121

Гэта старонка не была вычытаная

тут бяз ліку, цэлымі грудамі і зварочуюць увагу на сябе кожнага сваймі даўгімі шарачковымі сурдутамі, з сотняю складачак на стане (таліі), вялізарнымі паркалёвымі каўнерчыкамі, якія закрываюць вушы і тырчаць, быццам рогі, падстрыжанымі вусамі і з месяц няголенымі падбародкамі.

Ня меней зварочуюць на сябе ўвагу ўсякага й цыганы, што ходзяць з мядзьведзямі, і гожанькія цыганкі, забаўляючыя кірмашовую грамаду рознымі фокусамі й скокамі.

Але цікаўней за ўсіх тут нясьвіскія сяляне й сялянкі, якія адзначаюцца чыстаю вопраткаю й даволі самавітым выглядам. Яны ўжо ня носяць сьвітак і брудных лапцяў, валеных капялюшоў і намётак, а апранаюцца ў нейкія капоты з сіняга сукна і сукеначкі з паркалю ня дужа пстрыкатага; заместа намётак беларускіх, сялянкі носяць на галовах калёрныя хусткі, даволі хораша завязаныя над самым лобам і на патыліцы. А як зграбненькі, прытны і рухлівы яны! Ня меней за іх вёрткі і сяляне нясьвіскія: усё народ ахайны, здаровы, бойкі і разьбітны, але не скандальны і ня дзёрзкі.



Рэволюцыйная і супроць-рэволюцыйная літэратура 60-х гадоў.


(1838—1864).

I.

Беларусы, браты мае родныя! З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і Цябе, дарагі мой Народзе! Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за тваю праўду.

Прыймі, Народзе, па шчырасьці маё слова перадсьмертнае, бо яно якбы з таго сьвету толькі для дабра Твайго напісана.

Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тады ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках і тагды толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць Неба, бо збагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу ня ходзяць разам, так і навука праўдзіва ня йдзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, адно на пагібель нашу .........