Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/122

Гэта старонка не была вычытаная

ваюй, Народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную. Бо я Табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над Табой маскаля ўжо ня будзе!

Яська з-пад Вільні.


ІІ.

Беларуска зямелька, галубка мая!
Гдзе-ж ся падзела шчасьце і доля Твая?
Усё прайшло, прайшло — якбы ня бывала,
Адно — страшэнна горыч у грудзях застала.
Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці
Ды й у прадвечнага суду вялеў прападаці, —
То мы прападзём марна, а праўды ня кінем,
Хутчэй Неба і шчасьце, як праўду, абмінем!
Не наракай, Народзе, на сваю бяздолю,
А прыймі цяжкую кару — Прадвечнага волю.
А калі мяне успомніш, шчыра памаліся,
То я з таго сьвету Табе адзавуся.
Бывай здаровы, даражэнькі Народзе!
Жыві у шчасьці, жыві у свабодзе
І часам спамяні пра „Яську“ Твайго.
А калі слова пяройдзе у дзела,
Тады за праўду станавіся сьмела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэшся, Народзе, старасьці свабодна.


Ўладзіслаў Сыракомля.


ДОБРЫЯ ВЕСЬЦІ.

Заходзіць сонца пагоднага лета
І веець вецер з заходніх нябёс.
Здароў будзь, вецер! З далёкага сьвета
Добрыя-ж весьці да нас ты прынёс!
Здаровы-ж будзьце, эй, добрыя весьці!
Там, на Заходзе, праліваюць кроў,
Б’юцца для славы, свабоды і чэсьці
І робяць вольных людзей з мужыкоў!
Гудуць вясёла і песьні і танцы
У добрым жніве на шчасьлівы год.
Годзе вам, годзе, вы, цары-паганцы,
Таптаць з балотам хрышчоны народ!