Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/123

Гэта старонка не была вычытаная

Годзе вам, годзе у яснай карэце —
Годзе, паночкі, заяжджаць у двор!
Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці,
З хаткі астаткі даваць на пабор!
І панскае дзецка і хамская юха
З аднэй кватэркі папіваюць мёд;
І прысягнулісь на век да абуха
Быць сабе вольны і роўны народ.
Мужык і шляхціц засядзе на лаве,
Каб весьці раду аб сваёй зямлі;
Як трэба думаць аб грамадзкай справе,
На адно месца, як браты, прыйшлі.
А як урадзім вайну на грамадзе:
Бараніць дзеткі, і зямлю, і дом, —
Мужык і шляхціц на каня усьсядзе
Касіць касою, рубіць тапаром!
Эй, згінець вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песьню: „Хваліць Цябе, Божа“ —
Лягчэй будзе сэрцу, як згінець маскаль.
Зямля ты наша! Зямля ты сьвятая!
Радзі нам збожжа ды судзі пажаць!
Ня прыйдзе вораг з маскоўскага края
Да магазыну наша зерне браць!
Ручыць рукою худоба у хаце;
Паны мужыцкіх сьлёз не забяруць!
Мужык з панамі стаіць за-пан-браце,
Рука за руку, а грудзі за грудзь.
Пяром на карце ды сахой на ніве
Адзін другому роўнасьць засьцярог.
Эй, у свабодзе зажывём шчасьліва,
Мы будзем дзеткі, а наш бацька — Бог!

|}


∗          ∗

Ужо птушкі пяюць ўсюды,
Ужо кветкі зацьвілі…
„Вясна прыдзе“ — кажуць людзі…
Ды скуль прыдзе і калі?

І на што-ж вясна нам, Божа?
Мы адвыклі ад вясны…
Елкі ў лесе, мох на стрэсе
Зелянеюць заўсягды…

Вільня, 1861 г.