Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/127

Гэта старонка не была вычытаная

Хлопцы, дзеўкі, маладзіцы
Ля парога гаманяць,
А старыя чараўніцы
Цішком ля пячы сідзяць.
Ананьня на йскрыпцы йграець
„Лявоніху“, то „бычка“;
Гапон жару паддаваець:
„Заграй, крычыць, „казачка“!“
Аж юкнула Кацярынка,
Так задаў ей кулаком:
„Хадзі, мая ты малінка!“ —
Ды й затупаў хадаром.
„Ананія, рэж вясёлы!“ —
Крычыць громка наш Гапон,
Ды й, сабраўшы ў сьвітцы полы,
Мэрам хохлік![1] мэрам ён!
То ў прысядкі выкідаець,
Ажно стогнець пад ім пол,
То галубца падбіваець,
Ажно трасецца хахол.
„Ах! ух! давай жару,
„Давай болі[2], давай пару!“ —
Крычыць Гапон ды й гуляець,
Пад скрыпачку падпяваець:
„Эй чух, Кацярынка!
„Чабоцікі красны;
„Каму блішчаць, каго любяць
„Твае вочкі ясны?
„Эй чух, Кацярынка!
„Твае кудры ўюцца,
„Скачаць, пляшаць мая міла,
„Аж шчочкі трасуцца“.
Трэйчы Гапон прамахнуў,
Бражджаць ножны з вагнівом,
Стаў на месьце — падпрыгнуў,
Ды й затупаў хадыром.
Кацярынка-ж успляснула,
На міленькага зіркнула,
Хваць! спаднічку распусьціла,
Трэйчы запяткам падбіла.
Дробны ножкі выкідаець,
Чаравічкі скрыпяць,
А із вочак аж сіяець,
Быццам іскры ляцяць.

  1. Як нячысьцік, чорт.
  2. Болей.