Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/138

Гэта старонка не была вычытаная

Вот у каменны палаты
Сходзяцца паны багаты,
Золата на іх кіпіць;
Мужычкоў туды-ж прыводзяць,
І аднадворцы прыходзяць,
Там на службу маюць брыць.
На сярэдзіне сьвятліцы
Стаіць стол, накрыт сукном,
Пры ім, з крыжам у пятліцы,
Падпёршыся кулаком,
Ясны маршалак сядзіць;
Ён, маўляў рабін у школе,
Ці як хвурман у стадоле,
Важна так на ўсіх глядзіць.
Направа пан вельмі срогі,
Вусы, як у быка рогі,
Вот так старчмою стаяць;
Валасы яго сівенькі,
Мундзір на ім галубенькі,
На грудзёх крыжы блішчаць.
А за ім якісь пузаты,
Быццам мядзьведзь, так касматы,
Гэта дохтар мае быць;
Рукі за сабой трымае,
Пальцамі перабірае,
Ды часта ў карман[1] глядзіць.
З левай стараны маршалка,
Тоненькі, просты, як палка,
На розум, відна, хіцёр!
Ён з падлоб'я паглядаець,
У руцэ пяро трымаець,
Гэта, кажуць, пракурор.
На канцы якісь вайсковы,
Смуклы[2], відны і здаровы,
Прыгожанькі кавалер!
Часта ён на стойку вокам
Меціць ў раздум'і глыбокім;
То прыёмны ахвіцэр.
Вот з крэсла маршал схваціўся,
Усім ў пояс пакланіўся,
Табакеркай заскрыпеў;
Далі крыкнуў да дазорцы:
„Няхай пачнуць аднадворцы!“ —
Ды й зноў на места прысеў.

  1. Кішэнь.
  2. Стромкі, — тонкі і стройны.