Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/150

Гэта старонка не была вычытаная

Мархва-ж з гультайства праспала дзянёк;
Аж вось у хаце бліснуў аганёк.
Дубовы стол Кася[1] накрывае,
Даніла пляху гарэлкі стаўляе;
Выглянуў, асьлі госьці ня ідуць?
Найпершы Казьляр[2] туды паявіўся,
Гаспадару ў пояс пакланіўся,
За ім — Гусьляр[3], там свае брадуць.
Ксёндз няхрышчоны несьвяту грамніцу
Яркім агнём запаліў,
К сьцяне яе прыляпіў,
Бліснула полымя на цэлу сьвятліцу.
З Гусьляром яны малітву пачалі,
Дзядоў Даніліных жыцьцё паміналі,
А як кончылі, душачкі сустрэлі,
Згасілі сьвечку ды й за стол заселі.
Гаспадар чарку ў гору падымае,
Пакуль скаштаваў, крыху на стол зьліў;
Такі абычай із-даўня там быў;
Пасьля да ксяндза душком прапівае.
Ксёндз — да Гусьляра з такім жа абрадам,
Гусьляр — да Параскі: баш, сядзелі радам;
Пакуль жа у круг чарку абнясьлі,
Абрусок да ніткі гарэлкай зьлілі.
Са стравамі міскі Кацярынка зносіць,
Даніла частуе, гасьцей важна просіць,
Усяк на талерку гліняну бярэ,
А пакуль есьць возьме, першу лыжку лье
У міскі, што там-жа пасярод стаялі,
Каб душачкі з імі разам спажывалі.
Боршч з саланінай на стол паявіўся,
Кісла верашчака за ім з каўбасой,
Грэцкімі блінамі абрусок пакрыўся,
А далей крупнік з парасём стралой
Ляцеў у талеркі: вячэра сьвятая!
Бадзялася тут-жа лямешка густая,
Панцак, ягляная са скваркамі каша,
То яда мужыцка! — то пацеха наша!
Вот на лыжцы Касі прысеў матылёчак,
Дробненькія сьлёзкі брызнулі із вочак;
То матачкі яе душачка сьвятая,
Так думала Кася, міла паглядае,
Не страпяне лыжкай, каб матылёк еў;
Ён пасядзеў крыху, — далей паляцеў.

  1. Кася — ласкавае: Кацярына.
  2. Духоўная асоба ў паганскі час беларускіх пляменьняў.
  3. Гусьляр — музыкант на гусьлях.