Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/151

Гэта старонка не была вычытаная

Пад канец вячэры малады Гусьляр,
Шапнуў дабрадзею; вот устаў Казьляр,
Лыжкай зачарпнуў ён усялякай стравы
Ды й пад стол падкінуў, ня дзеля забавы,
А што, баш, абычай здаўня такі стаў;
Як кончыўся абрад, ён прабарматаў.
„Стаўры, Гаўры — гам!
„Прыхадзіце к нам.“
У сянях быццам штосьці зашумела[1],
Маўляў цьма варонаў туды наляцела:
А пасьля, здаецца, сабакі брахалі:
Са страху валосы усім дыбам сталі.
Ускочыла Мархва, хапае лапату,
А Кася, узяўшы місу верашчакі,
Сьмела ідзе к дзверам, адчыняе хату,
Аж вось два вялікі увашлі сабакі.
Мархва дзеля страху лапатаю грозіць,
Каб выгналі ліхіх, усіх гасьцей просіць,
Кася-ж не баіцца міску ім паставіць
Ды й да верашчакі лямешкі дабавіць,
Кожнага за шыю сьмела абнімае;
Брытан[2] міла гляне ды й хвастом віляе.
Асвоілась Мархва, да Касі прыстала:
„Што, баш, за ахвота на цябе напала
„Так брыдкіх сабак у хату пускаць
„Ды й яшчэ стравай іх прынараўляць?“
Ня слухала-ж Кася, сабак частавала
Ды й крутой лямешкі усьцяж дабаўляла.
Як брытаны паядалі,
Касі ножкі палізалі,
Пасьля яны страпянулісь
Ды й за дзьвярмі апынулісь,
Толькі зямля, гдзе стаяла
Кацярынка, заблішчала.
Нагнулася дзеўка, з зямлі падымае
Дзьве цацкі блішчасты, як сонца лучы,
Бяруць цацкі госьці, усякі пытае,
Што гэта за дзіва? — Казьляр, глядзючы
На Касін падарак ад дзіўных сабак,
Падумае крыху ды й раскажа так:

  1. З беларускай міфолёгіі: у Краснапоі, над ракою Дрысаю, панаваў князь Бой. У яго былі два сабакі, каторыя яму вельмі верна служылі. Калі яны ад старасьці здохлі, князь казаў сьвяціць іх памяць і на гэта назначыў адзін дзень перад Сёмухай. Сабакі гэтыя называліся адзін Стаўры, другі — Гаўры; стуль-то і на Дзядах клічуць: „Стаўры, Гаўры — гам! прыхадзіце к нам!“
  2. Парода вялікіх вартаўніцкіх сабак.