Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

„Ці можную каралеўну,
„Ці багатую князеўну,
„Ці маладую шляхцянку,
„Ці прыгожую хлапянку:
„Мы яе будзем, як матку, кахаць,
„Як цябе, князю, станем шанаваць“.
Князь аж расплакаўся, з Вітам ён абняўся
Ды й скора жаніцца грамадзе закляўся.
Цэлы год з панамі ёй сваімі радзіў,
У якія царствы сватоў, баш, паслаць,
Гдзе жонкі прыгожай яму пашукаць?
Аж стары пан радны бараду пагладзіў
Дый кажа: „Князёчак ты наш дарагі!
Касьцельнага трэба радзіцца слугі;
Няхай ён малітву сваю прачытае,
Няхай, баш, нябесных багоў папытае,
Яку пашлюць раду — каб сказаць ён мог“.
А тады, дзетачкі, было багоў многа,
Усякі куточак меў сваяго бога,
Вот не раўнуючы, што бацька — то бог!
Тут ксёндз старшы Апанас,
Абкурыў ладанам сьцены у касьцеле
Ды й просіць Бога, каб зладзіў вясельле
Добраму князю ды у добры час.
Раз князёк каханы шоў на паляваньне,
Вельмі умарыўся, пад дрэвам прыстане,
Ногі абамлелі, ён крыху прылёг,
Вочы, баш, прыжмурыў, вот сон яго змог.
Тут яму прысьнілась, быццам дзед старэнькі,
Ледзь пацягне ногі, як галуб сівенькі,
Вядзець пад-ручку маладую дзеву,
А так прыгожу, маўляў каралеву!
Валасы русы у стручочкі ўюцца,
Краскі на шчочках, як з крыніцы б’юцца,
А сінім вочкам, дзетачкі, як гляне,
Нехаця сэрца тваяго дастане;
Кветачкамі сьвеціць яе андарак,
Гарсэцік чырвоны, як у гаршку рак,
Дробненькія ножкі, бач малай дзяўчонкі,
Як лебедзеў пушык — белыя ручонкі:
Сваявольны вецер касьнік разьвявае,
На грудках жалезны крыжычак мігае.
Дзядок што раз бліжай з паненкай падходзіць,
Дзівіцца князёчак, воч з яе ня зводзіць,
Сэрца закіпела, розум пацяраў,
Ад душы прыгожу дзеўку пакахаў.
Ціхім галасочкам старэнькі дзед кажа:
„Така воля неба, слухай яе, княжа!