Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/157

Гэта старонка не была вычытаная

Здаволь пілі, елі, дасыта скакалі,
Не жалелі лапцяў — так казка нясе.
І я на вясельлі, дзетачкі, тым быў,
Піва, мёд, гарэлкі — дасыта папіў,
Хоць можа у роце нішто ня было,
Зато па бародзе уздаволь цякло.
Далі мне кабылку, дзеткі, смаляную,
Пугу з пастарнаку, із капусты збрую:
Еду сабе, еду, аж блізка дарогі
Агні заблішчэлі; тут я бяз трывогі
Папусьціў кабылку, к агню пад'яжджаю,
Там пасецца быдла, я пугу кідаю;
Ну-ж пры агні грэцца, з пастухамі брэдзіць,
Вот загаварыўся, ды й ня мог дагледзіць,
Што мая кабылка пры агні стапілась,
Пугу, цэлу збрую скацінка паела;
Як, маўляў, прыгода такая злучылась,
Вось патужыў крыху, гледзячы то дзела,
Ды й паброў да хаты. І вы, дзеткі, йдзіце,
Каб ціхі сон дзеду даў Бог, папрасіце.

|}



ВЯСНА, ГОЛАД, ПЕРАПАЛА…

(1860 г.).

Вясна, голад, перапала, —
А ні солі, а ні круп,
І скаціне корму мала,
І самому — а ні ў зуб.

На палацях дохнуць дзеці,
Жонка тры дні здуру п'ець,
І даўно парожна ў клеці,
І парожная асець.

Каліта ляжыць пад лаўкай,
А пры ёй парожны гляк, —
Ад Каляд мы з кумам Саўкай
Пацяралі ў губе смак.

Але гора ўжо з паў-гора;
Цыц, нябога, трошкі цыц!
Вось нам вольнасьць дадуць скора,
І, як птушкі, будзем жыць.