Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/160

Гэта старонка не была вычытаная

ліся з сабою за шляхецтва, а мы з Грышкам праз тое гаруем і ныем. Яго бацька падаў на майго ў суд скаргу[1], і сягоньня прыедзе ў ваколіцу найяснейшая карона[2] на прасоку[3]. У ім цэлае наша спасеньне. Як прыедзе, дык мы з Грышкам паклонімся яму ў пояс ды будзем прасіць ды маліць, каб ён пагодзіў нашых бацькоў ды каб яны дазволілі нам пажаніцца. А ён такі сярдзіты, не дапускай Ты, Госпад! Як наставіць адзін вус угору, а другі ўніз ды крыкне: па найясьнейшаму ўказу! — бацькі спалохаюцца ды зладзяць нам вясельле… Ды што гэта зрабілася Грышку? (Грышка паціху паказваецца з-за дрэва, крадучыся да Марысі). Баюся, каб не паўставалі бацькі, — нельга было б пабачыцца з ім. (Устае і, пахаджаючы па сцэне, гаворыць): Ой, Грышка, Грышка! Ты штось цяпер зрабіўся вельмі лянівы. Табе, пэўна, сэрца цяпер так ужо ня ные па мне… Як прыдзе, дык пакажуся перад ім сярдзітаю.


ЗЬЯВА ІІ-ая.

Грышка і Марыся.

Марыся. Ах, Грышка, нядобры! Як ты спалохаў мяне, — гневаюся ня жартам!..

Грышка. Гневаешся? Няпраўда! А чаму-ж ты на мяне так міленька пазіраеш?

Марыся. Так, са злосьці!.. Нягодны, дзе ты забаўляўся? Гэта-ж зараз прыдуць бацькі, а мы так многа маем з табою перагаварыць.

Грышка. Выбачай, мілая Марыся, — чуць золак, я зьезьдзіў ужо да места, кінуўся ў ногі асэсару і прасіў, каб ён узяў нас пад сваю апеку.

Марыся. Што яго прасіць з голымі рукамі? Трэба было завезьці які гасьцінчык.

Грышка. Дык я-ж завёз яму двух зайцоў, тры пары цецярукоў ды кадобчык мёду. Ён усё прыняў ласкава і сказаў, што сёння-ж прыедзе на разборку справы майго бацькі з тваім. Ой, наварылі бацькі сабе кашы, будзе што есьці! Ён вельмі сярдзіты, бо адзін вус калом угору стаў. Будзе вазьня!

Марыся. Дай Бог, каб гэта каша нам зубоў не папрышчыла!

Грышка. Ён дакляраваў зрабіць нам вясельле. На Богу ды на ім — уся наша надзея.

  1. Пажаліўся.
  2. Даўней асэсараў, або заседацеляў, а потым станавых прыставоў — дзеля таго, што першыя выбіраліся падчас шляхоцкіх выбараў, а другія назначаліся урадам, — пінская шляхта вялічала найясьнейшай каронай.
  3. Сьледзтва.