Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/161

Гэта старонка не была вычытаная

№ 2. Дуэт.[1]

Паклаўшы надзеі на Бога,
Чаго-ж гараваць?
Прысяглі любіцца да гроба, —
Дык будзем-жа ждаць.
Хоча няшчасная доля
На век разлучыці, —
А Бог скажа: „Мая воля
Ім з сабою жыці!“
Не памогуць злы языкі,
Ні бацькоў старожа, —
Ён-жа такі пан вялікі,
Што хоча, то зможа!

ЗЬЯВА ІІІ-ая.

Тыя самыя, Ціхон Пратасавіцкі і яго жонка Куліна.

Ціхон. Хрэн табе ў вочы, — жонка, а жонка! Хадзі ды паўзірайся, як дачка твая з Грышкам Цюхайчыкам галубіцца.

Куліна. (За сцэнай). Хто? Дачка? Бойся Бога, ды яна-ж яшчэ малая! (Уваходзіць).

Ціхон. Які чорт малая! Хрэн табе ў вочы, — хадзі палюбуйся!

Марыся. Якая-ж я малая, калі мне на Спаса скончыцца семнаццаць год?!

Куліна. Маўчы ты, хітрая лісіца! Бачыш ты, як яна скора палічыла гады!

Ціхон. Ах ты, чортаў сыну, — хрэн табе ў вочы! Ня годзе таго, што бацька да жывога мяне пакрыўдзіў, назваўшы ня шляхціцам, дык яшчэ сынок дачку нам баламуціць.

Грышка. Дык я-ж яе люблю і хачу з ёю жаніцца.

Ціхон. Ось я цябе так пажаню, як твайго бацьку! Жонка, а жонка! Дай мятлу, — хрэн табе ў вочы!

Грышка. Што хочаце, тое рабіце, а ўсе-такі Марыся будзе мая! (Да Марысі): Бывай здарова! (Выходзячы, спатыкаецца з Куторгай і зьбівае таго з ног. Марыся ўцякае ў хату)


ЗЬЯВА ІV-ая.

Тыя-ж і Куторга.

Куторга. Ах ты, паганец! (Устаючы). Татарын ты няхрышчоны! Вот зьбіў мяне, як швэдаў Хадкевіч пад Кіргольмам. Па-

  1. Пяюць удваіх.