Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/163

Гэта старонка не была вычытаная

Куліна. Парадзь, пане Куторга, — ты-ж такі чалавек бывалы і па судох цягаўся.

Куторга. Ну, я гатоў вам саслужыць дружбу, — толькі як ваша дачка захімэрычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тагды? Вы-ж ведаеце прыказку: даганяючы не нацалавацца.

Ціхон. Ратуй, ратуй, пане Куторга! Марысю ты ладом угамоніш, — чалавек ты разумны. Як падпусьціш лёстачак, як падплывеш селезьнем, дык яна і расплывецца.

Куторга. То ведаеце што, пане Пратасавіцкі? Як прыдзе к вам асэсар, то стаўляйце мяне ў сьведкі; хоць я і ня бачыў, але буду сьведчыць, што ён цябе біў, а ты толькі бараніўся. Ня жаль для Марысі скрывіць душою. Толькі-ж, пані Пратасавіцкая, прышліце сюды Марысю, каб я мог з ёю пагаварыць ды ўгаманіць дурную, бач, каб ня цуралася разумнага чалавека.

Куліна. Памагайце толькі майму Ціхону, а ўжо Марыся будзе ваша; я ёй сама ладом напілую вушы… Пойдзем, Ціхон, прыгатуемся, каб пагаспадарску прыняць найясьнейшую карону. А ты, пане Куторга, пачакай, — зараз прышлю Марысю. (Выходзіць з Ціхонам).


ЗЬЯВА V-ая.

Куторга (адзін).

Куторга. Ну, хвала Богу, бацькоў удалося атуманіць! Цяпер трэба пайці ў галаву па розум, каб дзеўку амарочыць. Прынадны, бач, кусочак! (Цалуе пальцы, як-бы смакуючы). Тварык — як сонейка яснае, шчочкі — як малінкі красныя, губкі — моў тыя каралі, а як засьмяецца срэбным галасочкам ды вышчырыць зубкі — то здаецца, бачыш два пэрловыя шнурочкі. Ды і пасаг мае гаспадарскі: адна ў бацькоў, а стары грошы асьмінаю мерыць; у гумне поўна, у хаце дастатак і абора багата. Добра гутарка кажа: калі абора цячэ, гаспадыня бліны пячэ, а калі гумно цячэ, гаспадар з хаты ўцячэ. Дык няхай-жа дзень у дзень блінамі гасьцей прымае. Праўда, век ня сходжы: я ўжо шосты дзесятак дажываю, а яна — семнаццаты гадок. Будзе клопату нямала, — о-ей! Ня раз пачашу патыліцу… Дык што-ж рабіць? Ня я першы, ня я апошні, — дурных дзядоў нямала на Божым сьвеце.


№ 4.

Хто на старасьць парыскуе,
Той хоць часам бяду чуе.
А пры маладзенькай жонцы,
Пры руплівай гаспадыньцы
Быць філёзофам — то значыць:
Ня бач, што ня трэба бачыць.