Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/165

Гэта старонка не была вычытаная

Марыся. (Перабіваючы). А ведаеце ад чаго гэта, пане Куторга? Ад старасьці! Ды ты ўжо нямала пажыў, — пара аб дзяўчатых перастаць думаць, а маліцца Богу, каб даў спасеньне.

Куторга. (У гневе). Стары, стары!!


№ 6. Дуэт.

Кажаш, што я ладам стары, —
Але — відны, але яры!
Буду крэпка ця любіці,
Век табе верай служыці.

Малады-ж — часта няшчэры,
Ня шукай ў ім добрай веры:
Пры табе — табе клянецца,
А з другой — з цябе сьмяецца.

Марыся.

Ды што мне з мужа старога?!
Я хачу майго мілога,
Бо стары, заміж гуляці,
Будзе кашляць і стагнаці.

Грышка мой — хлапец матарны,
Малады, відны ды гарны.
Глядзь! Аж душа к яму ірвецца
І сэрцайка мацней б'ецца.

Куторга.

Але Грышка твой няшчэры,
Ня шукай ў ім добрай веры!
Пры табе табе клянецца,
А з другой з цябе сьмяецца.

(Пад час сьпеву ўваходзіць станавы з Пісулькіным і хаваюцца па бакох, каб падслухаць іх размову).

Куторга. Бач, сабака Грышка! Ён клешчам упіўся табе ў сэрца, ды нічога з таго ня будзе. Бацька твой дакляраваў мне тваю руку за тое, што я буду сьведкам проціў Цюхая-Ліпскага. Найясьнейшая карона прыехаў на прасоку па жалабе Цюхая на твайго бацьку, што ён яго пабіў; і калі ты пойдзеш за мяне, дык я гатоў і душою пакрывіць, ды паказаць на сьледзтве, што бацька твой ня біў Цюхая; а калі маё ня ў лад, то я з сваім назад. Заспрачайся толькі, дык я зараз буду сьведкам проціў твайго бацькі. Уехаў твой родны ў нерат — ні ў зад ні ў перад. Папаўся юрысту ў кіпці, — высьсе ён яго, як вупыр непамысную дзяўчыну. А калі-б яму і ўдалося перапрасіць найясьнейшую карону, то не канец яшчэ бядзе. Ведаеш, што кажуць людзі: чорт бяду перабудзе — адна згіне, дзесяць будзе. Справа ў суд як пойдзе, дык так дапякуць юрысты, моў баравіку на вугольлях, — адцураецца і сваіх.

Марыся. Дарма ты мяне палохаеш! Мы з Грышкай паклонімся ў пояс найясьнейшай кароне, дык ён пагодзіць нашых бацькоў, а табе за крывое паказаньне дасьць харошую гонку.