Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/166

Гэта старонка не была вычытаная

Куторга. Што?! Ты думаеш я баюся асэсара? Ды я такой задам яму пары, што ён не згадае, дзе ўюны зімуюць. Я чалавек бывалы, маю розум і патраплю ладом яго вывесьці ў поле, як зайчыка пад хартоў.


ЗЬЯВА VII-ая

Тыя самыя, Кручкоў і Пісулькін.

(Кручкоў падыходзіць ціха к Куторзе і б’ець яго па плячу; Пісулькін-жа з камічнаю ухваткаю падыходзіць да Марысі, каторая сарамліва і баючыся кланяецца).

Кручкоў. Дык ты мяне думаеш вывясьці ў поле? Хочаш навучыць, дзе ўюны зімуюць! Пачакай-жа, галубчык! Я ж цябе навучу, куды няправых сьведкаў садзяць! Гэй, дзесяцкі!

Куторга. (Спуджаны). Ваша благароднае сіяцельства! Найясьнейшая карона! Ды я-ж толькі сабе жартаваў, — вот страшыў дурное дзяўчатка, каб яна прызволіла пайці за мяне замуж. Бацькі бласлаўляюць, а яна казырыцца, — дык я вось так здуру сказаў ёй.

Кручкоў. Здуру хочаш крыва прысягнуць? А знаеш, чым гэта пахне? Па ўказу ўсяміласьцівейшага цара Пятра Вялікага 1779 года аўгуста 10-га і па Статуту Літоўскаму разьдзела 3-ага параграфа 375-га гэта ўгалоўнае праступленьне, Сібірам пахне. Сібір, Сібір, галубчык! Гэй, дзесяцкі! (Дзесяцкі ўваходзіць). Пасадзі гэтага малайца ў асобную сьвятліцу, ды глядзі, каб ён ня бачыўся ні з кім, а, барані Божа, з гаспадаром не згаварыўся.

Куторга. (Выходзячы з дзесяцкім). Наясьнейшая карона! Бойцеся Бога, ня губіце беднага чалавека! Мала што язык малоў, — добра прыказка кажа: млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе. Выбачайце майму дуру!

Кручкоў. Якому дуру? Ты-ж чалавек бывалы й нядаўна хваліўся сваім розумам.

Куторга. (З баковых дзьвярэй). Які тут у чорта розум, калі так неасьцярожна папаўся ў бяду, як швэд пад Палтавай! (Выходзіць з дзесяцкім).


ЗЬЯВА VIII-ая

Тыя самыя, апрача Куторгі.

Кручкоў. Ну, пане Пісулькін, — пакінь, ваша, заляцаньне, а бярыся за дзела. Тут, брат, нам харошае жніво!.. Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць). Пастаў тут пасярэдзіне стол ды накрый яго судовым сукном. (Дзесяцкі выпаўняе прыказаньне). Харошая пагода, можна й на дварэ папрацаваць. Садзіся, пане Пісулькін,