Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/171

Гэта старонка не была вычытаная

будзе сыты і козы цэлы. (Шляхта зьбірае грошы, пасьля, зложаныя ў адзін мяшок, аддаюць Грышку, падпіхаючы яго да станавога і ўгавараваючы, каб ён асьмеліўся аддаць іх Кручкову і прасіць дараваць ім).

Ліпскі. Ідзі ты, сынку, — палажы на стол ды прасі і малі, каб ён памілаваў нашу шкуру ды скасаваў строгі свой дэкрэт.

Грышка. Бачыце, бацька, як нядобра, што вы зводзіцеся з суседамі. Добра, я асьмелюся падыйці, толькі каб вы пагадзіліся з Ціхонам ды каб паслалі ад мяне сватоў к яго дачцы Марысі.

Ліпскі. Д’ябал яго бяры! Няхай толькі ўладзіцца дзела, а я не адкажуся. Ідзі прасі! (Грышка з аднаго, а Пратасавіцкі з другога боку боязьліва падыходзяць да стала, пры каторым Кручкоў нібы-та ўглыблёны ў чытаньне папераў, ды кладуць мяшок з грашыма; Грышка, дужа кашлянуўшы, кланяецца нізка станавому ды гаворыць).

Грышка. Найясьнейшая карона! Мы — ад веку пінская шляхта і ты шляхціц. Ня глумі-ж, ня пэцкай у балоце шляхецкай, братняе табе, крыві! Скасуй срогі твой дэкрэт, на сорам нашай ваколіцы пісаны, — паміры майго бацьку з Ціхонам, сатвары маё і Марысі шчасьце, а мы ўсе, цэлаю ваколіцай, век за цябе будзем Бога прасіць і век табе дзякаваць!

Пісулькін. И я вас прошу, ваше благородіе, — пусть подадутъ мировую, и концы въ воду.

Кручкоў. (Да Пісулькіна, але голасна). Хорошо! Для васъ это сдѣлаю, приму грѣхъ и отвѣтъ на себя… Ціхон Пратасавіцкі і Цюхай-Ліпскі! Падыдзіце сюды бліжэй. (Тыя падыходзяць, за імі Грышка і Марыся). Абніміцеся і пацалуйцеся на згоду, — ну, што-ж? (Марыся свайго бацьку, а Грышка свайго папіхаюць, каторыя потым абнімаюцца й цалуюцца з сабою). Ціхон! На згоду, каб быў крупнік![1]

Ціхон. Гатовы, найясьнейшая карона! Схадзіце, жонка й Марыся, ды прынясіце, — хрэн вам у вочы. (Куліна й Марыся ідуць у хату).

Кручкоў. Вы думаеце, што мне міла зьняважаць кроў шляхецкую? Я-ж сам шляхціц, вам родны, але што-ж рабіць? Служба — ня дружба. Законы, міленькія, законы! Годзячы вас, бяду на сябе бяру; толькі пад такою кандыцыяй, каб Ціхон з Ліпскім навек з сабою памірыліся ды каб я з-за вас ня ўлез у нерат. Канечне трэбую, каб тут-жа пры мне дзетак сваіх зручылі, а там і павянчалі. (Тут Куліна і Марыся ўносяць дзьве міскі гарачага крупніку ды ставяць на стол з кубкамі). Ну што, Ціхон, — аддасі за Грышку сваю Марысю?

  1. Крупнікам завецца пітво, прыгатаванае на агню з гарэлкі і патакі з рознымі прыправамі.