Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/173

Гэта старонка не была вычытаная

Куліна. Ды й на выправу не пашкадуем, — яна-ж у нас ядыначка: што маем, тое ўсё яе, каб толькі Бог даў ім шчасную долю… (Бацькі сходзяцца і злучаюць маладым рукі).

Кручкоў. Вот так добра! Цяпер, панове бацькі, падпішыце міравую і злажыце міравых пошлін па тры капейкі. (Тыя падпісваюцца трымя крыжыкамі, Пісулькін за іх расьпісуецца).

Альпенскі. (У бок). Ня быў-бы судовы чалавек! Пабраў рублі ды яшчэ па капейкі сягае. У іх ужо такая натура: без капеяк і чверцяў, як бяз солі ў страве, ніяк не абойдуцца; капейкі й чверці — да скарбу, а рублі — сабе.

Кручкоў. Дзесяцкі! (Той уваходзіць). Прывядзі сюды Куторгу! (Дзесяцкі выходзіць). Ну, што-ж, — налівайце ізноў кубкі ды вып’ем за здароўе маладой пары.

Усе. (Падымаючы ўгору кубкі). Будзьце здаровы, маладыя! Дай Бог вам век з сабою шчасьліва пражываць!


ЗЬЯВА АПОШНЯЯ.

Тыя самыя і Куторга.

Куторга. (Кланяецца ўсім). Дзякуй, дзякуй, панове грамада! Буду старацца ўшчасьлівіць Марысю.

Кручкоў. Маўчы, стары хрэн, не аб табе тут ідзе дзела! Бяры кубак ды выпі за здароўе маладых — Грышкі Ліпскага з Марысяю, і падзякуй Богу, што так лёгка вырабіўся ад суда.

Куторга. Дык гэта ня я малады? Не за маё пілі здароўе?

Кручкоў. Пакінь, стары, думаць аб жаніцьбе, а заматай сабе на вус, каб крэпка дзяржаць язык за зубамі.

Куторга. Ой, найясьнейшая карона! Буду сабе часта браць на розум філёзофскую, прыказку: на тое Бог даў людзям язык, каб умець маўчаць. (П’е з кубка).

Кручкоў. Дзесяцкі! (Той уваходзіць). Коні гатовы?

Дзесяцкі. Запрагаюць, найясьнейшая карона! (Выходзіць).

Кручкоў. Ну, панове шляхта-брацьця! Я вам родны, я вам брат, дык на прашчаньне вып’ем яшчэ па кубку крупніку, засьпяваем нашу родную песьню ды паскачам на заручынах. Пане Куторга, у цябе яшчэ ня вельмі курыцца чупрына, — ты вядзі пункты, а мы пакруцімся, прыпяваючы.

Усе. Віват, наш брат, найясьнейшая карона!


№ 8.

Хор.Эй-чух! чумандра,
Чумандрыха весяла!

Куторга.Нашы Пінскі вакаліцы —
Жыцьце хоць цару, царыцы!