Ой саколка, ой галубка!
Ня пытайся — не,
Што мне тошна, мая любка,
У гэтай старане…
Я-ж зямліцу меў радную,
Быў слабодзен сам!
Ох, ці днюю, ці начую, —
Я ўсё там ды там!
Там гукнеш ў сардэчным краю —
Разьлягнецца сьвет.
Тут гукаю, прамаўляю —
Адгалоску нет…
Там палосы сенажаці
Красны, як нідзе;
Стануць птушкі прыпяваці,
Ў сэрцы аж гудзе.
Там дзяўчаткі на вячоркі
Словейкам радным
Кажуць казкі, прыгаворкі,
Душа ліпнець к ім.
Там дзяўчаты, маладзіцы —
Красен цьвет-тымян;
Глянеш толькі ім ў ачыцы,
Як ад мёду п’ян.
Там, як птушка на свабодзе,
Я быў жыць прывык;
Ня пытаўся: „Мала? годзе?“
Быў вясёл і дзік.
Як дубочак маладзенькі,
Гібкі — проста віць,
З воч маланка вылятае,
Кроў агнём кіпіць!
Ах, цяпер-жа, ой палеткі
Роднага сяла,
Не пазналі-б тае кветкі,
Што там зацьвіла!
Паглядаю праз ваконца —
Чоран цэлы сьвет;
Усім людзям сьвеціць сонца,
Мне прасьвету нет.
Бо за мною, прада мною
Поўна Божых сёл, —
Ўсе ў грамадзе ды з раднёю,
Я адзін, як кол.
Адарвалі сіраціну ад сваей зямлі!
Даўшы розум, хараміну,
Шчасьця не далі…
Я ня сьмею прытуліцца
Ні к яму, ні к ёй:
Хараміна — чужаніца,
Розум — вораг мой.
Ад зарыцы да зарыцы
Туга кроў мне п’ець,
Пяюць хлопцы, маладзіцы, —
Я — ня ўмею пець…
Бо пры люлі родна маці
Мне ня пела дум;
Ў чыстым полі, для дзіцяці,
Граў мне ветру шум.
З шчаняткамі зьбегаў поле
Мілай стараны, —
Ня судзіла горка доля
Жыці, як яны.
Ой, ня будзе над радную,
Ды ня будзе нам,
Ці я днюю, ці начую, —
Там! Ой там! Ой там!..
Саколачка, галубачка!
Хочаш мне памоч?
Дай маё мне, дай сялочка, —
Туга пойдзе проч…
|