Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/196

Гэта старонка не была вычытаная

— Гэй, ты! Сьцяпан! ці як цябе завуць, чуеш, ці што? — крыкнула раптам Сьцяпану колькі галасоў.

— Сьцяпан, Сьцяпан, цябе старшына гукаець!

Сьцяпан насілу ўстоіў на нагах, так дужа тыхала яго сэрца…


Нейкі туман забыцьця і адурэньня стоўпіўся ў яго галаве… Быццам хто ўдарыў яго абухам па цемю… Прадпісаньне было прачытана, але ён нічога ня чуў і тым больш не разумеў. Здавалася, яго пакінула на час здольнасьць думаць і пачуваць.

— Ну, ну… сакалок!.. ха, ха, ха! Хадзі-тка ў сенцы, папару… да-душы папару… Як слова ў лазьні таго… ха, ха, ха! — засьмяяўся нехта, торгаючы Сьцяпана за рукаў сьвіты. Ён азірнуўся. Харытон, усьмяхаючыся ўсім сваім дробненькім абліччам, цягнуў яго за рукаў. Дзіўным здаўся выгляд старэнькага Сьцяпану, і як удзержаўся ад удара па гэтым дробненькім абліччу, ён пасьля й сам дзівіўся.

Мабыць, нічога не разумеў Сьцяпан, калі яго вывелі ў сенцы і паклалі плашмя на зямлю…

— Спускай, спускай болей! Ды што вы не дзяржыцё, га? Бярыце ўчацьвярых, ато-ж ён першы раз і на вольным хлебе жыў, сіл сабраў, дык яшчэ таго… вырвацца можаць!.. — распараджаўся старшына.

— Раз! — раздаўся аднатонны голас стоража.

— Ай! — памім волі айкнуў Сьцяпан.

— Дужэй, Харытон! — крыкнуў старшына.

— Пятнаццаць! — скончыў стораж і адышоўся з розкамі. Сьцяпана пусьцілі. Ён прыстоіў і без патрэбы, тупым поглядам, абвадзіў стаяўшую грамаду людзей. Тады, заравеўшы на ўсю сілу, сярод агульнага рогату, кінуўся вон…

Цяпер Сьцяпан не памыкаўся ні давіцца, ні тапіцца, хаця тут ня было яму ні перашкод, ні труду… Можа быць, астатняя акалічнасьць, ці-тое фізычная магчымасьць зрабіць гэта, удзержала яго ад замаху на сваё жыцьцё…

— Божачка! Ды што-ж гэта такое? — заліваўся сьлязьмі Сьцяпан, чуючы, як страшэнна баляць абсечаныя месцы. Ды й да чаго-ж гэта я-ткі дажыў, га? А як-жа я каму на вочы пакажуся? — крычэў ён, з жахам хапаючысь абедзьвюмі рукамі за галаву. — Ну, куды я цяпер пайду? — ужо недалёчка ад сваей хаты, аглядаючыся па бакох, плакаў Сьцяпан: — а колькі гоману будзець ды ганьбы! А сораму аднаго колькі! Э-эх! Пайду хоць да Іцкі!.. гінуць, дык гінуць!.. — махнуў ёй рукою і пайшоў у карчму…