Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/198

Гэта старонка не была вычытаная

— „Да ты, ён кажа мне, веры якой?
„Ці ты праваслаўны, ці ты паляк?“
— „А дайце-ж, паночку, кажу, мне пакой,
„Ды я-ж тутэйшы, — як казаў, дык так!..“
Як сьцебане пракляты мяне, —
Аж у вачох чырвона здалося!
Каб я-ж у чым-кольвек, у якой віне,
Ато і ня ведаць, скуль узялося?
Я кажу гэтак: „Калі-ж ужо так,
„Што васпан б’ешся бяз дай прычыны,
„То, мусіць, і праўда, што я паляк,
„І буду паляк я ад гэтай гадзіны!“
Ну і далі-ж мне добра на знак:
Цягнулі б’ючы аж у Жамаслаў,
Каб помніў крэпка, што я паляк,
Каб і вам гэта здарэньне сказаў!
Тое прайшлося, пайшлі й казакі,
Калі пад восень завуць нас у збор:
— „Прыехаў, кажуць, начальнік такі!
„Сам князь Хаванскі: ідзіце у двор!“
Трэба ўсё кідаць (хоць сьвятам было),
Народам, як макам, ўвесь двор заліло:
Князь у палетах, вясёлы такі!
— „Эх, кажа, рабяты! — вы дуракі!
„Што ў рускай зямлі, ды й каталікі!
„Ну, цар, вас прыймае у сваю веру;
„Дасьць зямлі многа!.. Вы на паперу
„Тут падпішыце, а поп пасьвеньце, —
„Будзе ўсё добра, усюды пашэньце.
„Ну, браццы, вып’ем па чарцы усе;
„Бацюшка крыж і крапідла нясе!“
Мы-ж толькі зірк! адзін на другога,
Маўчым, трасёмся, ня кажам нічога,
Ён-жа Мірона за плечы узяў,
Вядзець да стала, гарэлкі падаў:
— „Пій на здароўе і гэтак пішы:
„Вот сабраліся дзьве тысяч душы,
„Рускую веру хочам прыняць,
„Каб каталіцкай ні ведаць, ні знаць“.
Мірон папярхнуўся, як хуста, зьбялеў,
Глянуў на ўсіх, на мяне паглядзеў:
— „Як, кажа, людзі, так, кажа, і я,
„Спытайце, кажа, вун Мацяя,
„Як ён ды скажа перавярнуцца,
„Дык усе вёскі на яго здадуцца“.
Цягнуць мяне да таго князя,
А тут аж мурашка за скурай лазе.