Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/202

Гэта старонка не была вычытаная

МАЯ ДУДКА.

Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка
Ад краю да краю!
Ой! то будзе граньне,
Як на павітаньне
І як на вясельле, —
Нядоўга тыкеле[1].
Скора скончу песьні…
Покі дудка трэсьне,
Ці паглохнуць людзі,
Ці высахнуць грудзі,
Сілы надарвуцца
На радаснай дудцы
І выцякуць сьлёзы
На сухія лозы…
Выйдзе душа парай,
Падымецца хмарай,
Туманом па рэчцы,
Расой разьліецца,
Каласочкі зросе,
Каб жыта ўдалося,
А хлеб зьядуць людзі,
І зноў сьляза будзе.
Ну дык грай-жа, дудка!
Каб-жа была чутка,
Каб аж вушы драла;
Каб ты так іграла,
Каб зямля скакала!
Зайграй так вясёла,
Каб усе у кола,
Узяўшыся ў бокі,
Ды пайшлі у скокі,
Як віхор у полю —
Віж выючы з болю,
Каб аж рагаталі,
А усё скакалі…
Каб скакалі горы,
Як хваля на моры,,
Як паны на балі,
Каб вот як скакалі!
Каб аж пыл курыўся,
Каб сьвет заваліўся,
Ды усё круціўся, —
Як ў нашага брата
У п’янага хата…
Га! чаму-ж ня іграеш?
Хіба ты ня знаеш,
Ня ведаеш хіба,
Што, як тая рыба,
Так вот я, здаецца,
Сорак гадоў б’юся, —
Ніяк не зьвярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю,
Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што, як хто нап’ецца,
Дык вольным стаецца.
Грай, вясёла-ж грай
Або долю дай!..
..........
..........
Енчыш бязумоўку!
Не, ня будзе толку!
Кіну дудку тую,
А зраблю другую.
Цяпер зраблю дудку
Ад жалю, ад смутку,
Га, зраблю-ж другую,
Жалейку смутную, —
Ды каб так зайграла,
Каб зямля стагнала,
Вот каб як іграла:
Каб слязьмі прабрала,
Каб аж было жутка,
Вось то мая дудка!..
Вось зрабіў такую!
Дай-жа папрабую…
Ну дык грай-жа, грай-жа,
Усё спамінай-жа…
Што дзень і што ночы
Плач, як мае вочы,
Над народу доляй.

  1. Толькі.