Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/208

Гэта старонка не была вычытаная

Ці застаўся хто у хатцы?
Адкуль? за што пасадзілі?
Іншы вуча, на пытаньне
Даць якое паказаньне:
„Кажы, кажуць, знаць ня знаю,
„Чый я ёсьць, з якога краю.
„Малым быўшы, сьляпых водзіў;
„А падросшы і сам бродзіў;
„Ня прыпісаны да сказкі,
„І так жыву з Божай ласкі.
„Бог мой бацька, зямля матка:
„Знаць ня знаю! — уся гадка!“
Так да марца сядзім ціха,
Ня чуваць дабра, ні ліха.
А у марцы шлюць бумагу,
Каб даставілі брадзягу,
Супраціўніка уласьці,
Улажэньня першай часьці,
Што мянуецца „Ліндорам“
Ды йшчэ б’ецца з асэсорам.
Ды каб быў ланцуг закуты,
На нагах каб былі путы,
Праважацелі каб срогі,
Каб ня сходзілі з дарогі,
А каб проста да начала…
І ці мала там пісала?!
............
Вот назаўтра рана, рана
Нам адзежка наша дана;
Паскідалі мы сярмягі,
Салдат узяў дзьве бумагі,
Нас зьвязалі і — ў дарогу!..
Я падумаў: „Дзякуй Богу!
Хоць нас сонечка сагрэе!
Вецерчык на нас павее!
Можа, дожджык срыбрны змоча!
Можа птушка засьвяргоча!
Аж заплакаў я зрадеўшы!
От, здаецца-б, і ня еўшы
Быў-бы сыты на свабодзе,
Як той кролік у гародзе!
Тут, здаецца, і сканаў-бы,
За свабоду жыцьце-б даў-бы!
............
Жаўручочкі Бога хваляць,
А пастушкі агонь паляць,
А і сонечка прыгрэла,
Аж мне ў душы паясьнела.
Да палудня ішлі гэтак;
Пры дарозе шмат і кветак;
То пралескі, то сасонкі
Выгравае Божа сонка!
Так пад вечар ў месцы сталі,
У халоднай начавалі, —
Было розна. Заўтра зраньня,
Якраз у дзень Зьвяставаньня,
Клічуць мяне да дапросу,
(Задаваць-то ужо чосу!).
Той судзебнік маладзенькі,
Такі быстры, хоць маленькі:
Ўсё пытаецца ды піша,
І нагой усё калыша.
Як спытаўся мяне, хто я?
Я і спомніў сабе тое,
Як вучыў там той з астрогу:
„Знаць ня знаю я нічога!“
І старога тут клікнулі,
Папыталіся, раскулі
І да дому павярнулі.
А мне кажа: „Ты, брадзяжка,
„Сакрыў званьне, будзе цяжка:
„Сорак розаг, потым роты!
„Скажы лепей — адкуль, хто ты?“
А ўсё піша, піша, піша
І нагой усё калыша.
Пісаў, пісаў, даў другому
І сам пайшоў кудысь з дому.
Мяне зноў-жа да астрогу.
Толькі цяпер, дзякуй Богу!
Адзінокі я застаўся.
Айчым плакаў, як жагнаўся:
— „Помні, кажа, мяне, сыну,
„А я, хіба што сам згіну,
„А цябе вярну да вёскі,
„Хіба-б ужо гнеў быў Боскі
„Або-б Праўда гдзесьці зьмёрла! —
„Выйму цябе ім із горла!
„Бог паможа проці сілы,
„Праўда выйдзе як з магілы!“
Сказаў гэта, пакланіўся
Ды ізноў сьлязьмі заліўся.
І мне стала ў вочах цьмяна,
Зашчымела ў сэрцы рана,
Як-бы штосьці адарвала,