Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/210

Гэта старонка не была вычытаная

Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў ня стала на ўвесь гэты шчот,
А пальцамі-ж трэба карміць гэты люд!..
Іду… калі шусьць, як маланкай спаліць,
Стаіць, так якраз, што умёр, аканом.
Прыгледжуся: — ён — тыкі ён — і стаіць,
І стрыжаны-ж вус, і стаіць з бізуном…
Схудаўшыся толькі: скура ды косьць.
А белы ўвесь-чыста, белы, як сьнег,
Толькі на сэрцы плямачкі ёсьць.
І плямкі на пальцах — мусіць, то грэх?!..
„Браціку, кажа, браце Мацей!
„Ратуй маю грэшную душу
„З чысца, з рук подлых чарцей,
„Або на векі загінуць я мушу!
„Дваццаць пяць лет, што у чысцы я пёкся,
„Усе грахі выбыў, усіх-жа адрокся,
„Толькі на сэрцы вот грэх, як смала,
„Прыліп да мяне і ня змыты.
„То за жонку тваю: саграшыў, як жыла,
„За цябе, што нявінна быў біты.
„Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады,
„Аж да чысцу таго, аж на дне…
„І палій ты вадой мне на сэрца, Мацей,
„Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!“
Я заплакаў з жалю, але думаю: досьць
Нацярпеўся і ён, бо лазіць што жывы,
Гэтак ссох ад агню — толькі скура ды косьць.
Пайду ў чысьцец я той, пагляджу на дзівы!
І дзівы-ж, браце мой, у тым чысцы, але!
Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале,
І цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз,
Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос;
Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар,
Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар.
І каго-ж тут няма? — тут і пан, і жабрак,
Гэнарал і салдат, аканом і мужык.
А што баб і дзявок — сказаць так, —
Ўтрое больш, як мужчын, ёсьць на лік.
Хто за што, а як баб, дык найбольш за язык.
Языкі-ж даўжыні — так як добры ручнік.
Іх і паляць смалой, і нажамі скрабуць,
І ніяк да-бяла прапаліць не магуць.
Надта шмат маладых, што дурылі мужоў;
Чараўніц, а і зводняў старых…
Тут я шмат і знаёмых знайшоў.
Але так не чапаў ужо іх.