Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/214

Гэта старонка не была вычытаная

У другога ў сьцяне дзюры,
Вецер ходзе, дым і сьнег;
Тут карова, сьвіньні, куры…
Тут пакута, тут і грэх!
Гэты едзе у вагоне, —
Цёпла, мякка, толькі жыць!
А ляціць, як віхар гоне,
А ён сабе толькі сьпіць!
Той ў мяцеліцу, ў марозе,
Што аж вон яму прэ дух,
Паўзе з клункам па дарозе,
У сьнягу увесь па брух!
Гэты хлеба і ня знае,
Толькі мяса ды пірог,
І сабакам выкідае
Усё тое, што ня змог,
А той хлеб жуе з мякінкай,
Хлёпча квас ды лебяду,
Разам жывець і есьць з свінкай,
З канём разам п’ець ваду!
Аднаму дзесяткі-служкі
Зарабляюць сотні сот;
Рукі ў яго, як падушкі,
Як кісель, дрыжыць жывот!
Другі-ж сам аж на дзесятак
Працуючы, лье свой пот,
А высахшы, як аплатак,
Цянюсенькі, як той кнот.

|}


Д У М К А.

Чагось мне маркотна, на плач забірае;
Мусіць, душа чуе якоесьці гора,
Ці штосьці зрабілась… што? А хто яго знае:
Ці град жыта выб’е, ці згіне абора,
Ці ўраднік згнявіцца, пагоне падводу,
Ці знойдуць у лесе крадзену калоду?
Ці можа ўмрэ сын той, што маскалём служыць,
Ці той, што ў ’Мэрыку падаўся ды тужыць?..
Так цяжка, здаецца, граху-б не баяўся,
Ці ў пятлю палез-бы, ці ў ваду схаваўся!
Летась мне было так ― і валы прапалі,
Сьвіньні бульбу зьелі, гарод пакапалі,
Нябошчыца матка чыста-захварэла,
І дзядзькава хата з комінам згарэла;
Сукна не звалілі — хадзіў без сярмягі,
А тут і бяз хлеба… прападаў ад смагі!
Хоць-бы скарэй стала, што ўжо стацца мусі,
Каб так не цягнула за сэрца, як ліна;
Бедаваць ня перша, я і не баюся;
Няхай усё згіне, дык душа-ж ня гліна!
Тагды-б ужо ведаў, як і ратавацца,
Ці там ад няшчасьця, ці з людзкой напасьці,
Ці сядзець у хаце, ці куды падацца,
Ці, злажыўшы рукі, на векі прапасьці!…

Ды што-ж мне да тога, чаго мне журыцца?
У мяне ня будзе, — знайдуць людзі хлеба:
На бяду мне плюнуць, Богу памаліцца,
Да слушнага часу дажыву, як трэба!