Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/216

Гэта старонка не была вычытаная

Каб жа тое слова ды людцоў зьяднала,
Каб на тое слова ворагаў ня стала,
Каб людцы прызналі братоў ды братамі —
Дзяліліся-б доляй і хлеба шматамі;
А без таго слова я — нямы калека!
Хоць-бы занямець мне і да канца века!
Ой нашто ж мне вочкі, ой нашто-ж мне ясны?!
Каб глядзеў, які я ад усіх няшчасны?
Каб душа балела, гледзячы на долю,
Каб сэрца шчымела і рвалася з болю?
Каб было чым плакаць і у дзень і ў ночы?!
Ой Божа ж мой, Божа, вазьмі-ж мае вочы!
Нашто-ж тыя вушы, як ня чуць нічога
Ні ад людцаў добрых ні з неба ад Бога?
Ой ці не на тое-ж, каб чуць людзку лайку
Ды тую плакучу дудку-самаграйку,
Нашую жалейку, што енча ня йграе, —
Хоць як выйгравай ты, а яна смутная?
Ой ці не на гэта-ж, каб чуць, як зьвякаюць
Ланцугі на людцах, што з хат уцякаюць?
Ня зьдзекуйся-ж, Божа, нада мной, над імі:
Парабі усіх нас, як камень, глухімі!
Вазьмі усе змыслы, покі прыйдзе Праўда,
Бо жыць без яе нам не вяліка наўда!
Прасіў Бога ласкі: „Адвярні ты, Божа,
Злую нашу долю на сухія пушчы,
Адвярні на камень ці на бездарожжа,
На вялікі ройсты, на пяскі сыпушчы,
Ды каб не зазнала ніводна стварэньне
Гэтай долі нашай да веку сканчэньня!“
Не пачуў Ён енку, ня увідзеў мукі,
Крыж уеўся ў плечы, ланцугі у рукі!
Прасіў я суседзяў са мной падзяліцца,
Памагчы крыж несьці, як „з Богам ня біцца“.
Асьмяялі людзі мяне, як дурнога,
Там, казалі, Праўда, тут тыкеле сіла!
Даўней, кажуць, Праўда па сьвеце хадзіла,
Жабруючы-ж зьмёрла, а людцы схавалі,
Каменем накрылі, зямлю пааралі,
Каб ні чуць, ні ведаць аб ёй а ні весьці,
Ды цяпер і кажуць: „Праўда ў небе гдзесьці!“
Ды пашлі-ж Ты, Божа, Праўду сваю тую
З неба на зямельку, сьлязьмі залітую!
Пасылаў Ты Сына, Яго не пазналі:
Мучылі за Праўду, сілай паканалі,
Пашлі-ж цяпер Духа, ды пашлі бяз цела,
Каб уся зямелька адну Праўду мела!

|}