Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/224

Гэта старонка не была вычытаная

час ня прыбраўся я сказаць аб гэтым, але раз у начы ня мог я спаць: боль раны (з тых часоў, як быў салдатам) страшэнна мне дакучала, а раніцай заместа сьмятанкі дастаю сівое малачко. Гэта мяне зазлавала. Дык, нічога ня кажучы, кажу лякаём склікаць усю бабскую службу ў кантору. Кантора побач стайні. Дзяўчаты на зазыў хлапцоў вясёла папрыбягалі, і тут пачалася расправа. Фурманы Сьцёпка і Тодар як адлічылі кожнай па 50, то ўсё наладзілася, — хоць, можа, азадкі спухлі, але малако патлусьцела“. Пан Пушчык казаў з гуморам, і гэта ў той час трапляла ўсім да пераконаньня.


ІІ. Палажэньне сялян.

Сьвятой сваей павіннасьцю лічу апісаць палажэньне сялян, каторае ў першым разьдзеле зачапіў, навет неспадзявана для сябе. Пасьля таго, як мы вярнуліся з Кіева, да канца лета былі мы яшчэ дома, г. зн. у Калатычах. Перад пачаткам школьнага году пераехала мая матка разам са мною ў Слуцак на пастаяннае жыцьцё, а бацька паехаў ў улюблёнае сваё Грабова, у Мазырскі павет. Стасункі[1] з воласьцю былі ўжо напярэдадні волі лепшыя; лагоднымі[2] іх назваць няможна (за цара Мікалая лагоднасьці ня было), а толькі былі быццам патрыярхальныя. У Грабове было некалькі сялян-гаспадароў, людзей шанаваных і справядлівых, каторыя былі ў зажыласьці з самым панам[3] — то гэтым стрымлівалася крыху страшэнная самаволя намесьнікаў. У Калатычах-жа застаўся неагранічаным уладаром Кароль Булгак, з мясцовых сялян, чалавек малады, але злога характара, — і бяздольнікі завылі.

Пад канец зімы зьяўляюцца пасланцы ад Кялатыцкіх сялян, молячы ў маткі маей ратунку. Першай прыбыла маладая, гожая дзяўчына, Куліна, каторую розгамі прымушалі да любові; ей пазволілі астацца ў Слуцку і знайшлі службу, а другія дасталі на рукі нешта кшталтам[4] „жалезных лістоў“, каб ніхто ня сьмеў і пальцам крануць аж да прыезду пані. Апрача гэтага, нарочны пасланец завёз ліст да майго бацькі, у каторым паведамлялася, што на Вялікдзень прыедзем у Калатычы.

Тут скажу, што я першы раз бачыў уплыў духа надхадзячай волі: заместа адпору са стараны бацькі, наступіла яго поўная згода парабіць уступкі сялянам. Запрасілі на нараду мясцовага параха, уніяцкага ксяндза Андраеўскага, улажылі нешта кшталтам констытуцыі, і з гэтага часу быт нашым падданых на вачах пачаў папраўляцца. Бог даў падрад некалькі ураджайных гадоў, так што даходы ўтрое павялічыліся, новую прыкупілі вёску (Запольле), і тысяча „душ“ людзей мелі працаваць на хлеб для

  1. Адносіны.
  2. Добрымі, ласкавымі.
  3. Жылі пры пану.
  4. Падобна.