Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/225

Гэта старонка не была вычытаная

маладога Ольдзі[1], каторы сягоньня, пішучы гэтыя ўспаміны, павінен прызнацца, што ня мае а ні „буднага хлеба“, а ні страхі над галавой, а ні нічога, апрача колькіх сваіх прыяцеляў: talis est mutatio rerum![2]

Растучы, я разьвіваўся, а перада мной што раз харашэй рассьцілаўся сьвет: насталі часы, аб каторых можна сказаць, што людзей нікчэмных яны ня бачылі. Ня стала-бы паветра для подлых інстынктаў. Няхай цяперашняе пакаленьне заздросьціць, што я на гэта глядзеў сваімі вачмі. Чэсьць тагачаснай кіеўскай моладзежы, каторая была дэмократычнай і „хлопаманскай".


VI.[3] „Граф Бандынэлі“.

Я падпісваюся на маіх беларускіх творах: „Граф Бандынэлі“. Гэта — прозьвішча маей бабкі, апошняй з гэтага роду, каторы выдаў такую знамянітасьць, як папеж Аляксандар ІІІ. Бачыў я на platfon[4] у салі „Трохсот" у палацы дожаў сцэну: цэсар прымушан пасьці ў ногі папежу. Папеж стаўляе адну нагу на сагнутым карку цэсара і кажа: „Super aspidem et basiliscum ambulabo et conculcabo draconem et bowem“[5]. Расшалелы ў сваім паніжэньні дэспот кажа: „Пакараюся Пятру, а не табе“. А тады Аляксандар III, граф Бандынэлі, становіцца абедзьвюмі нагамі на яго імпэратарскай сьпіне і зычным кажа голасам: „Et Petri, et mihi“[6] З роду Бандынэліх быў слаўны тварэц «Laocoona». У італьянскай бацькаўшчыне слыў гэты магнацкі род і прыбыў у Польшчу, як амбасадар[7] неапалітанскі, за Яна ІІI. Гэты амбасадар неапалітанскі, уміраючы ў Варшаве, пакінуў сына, майго прашчура. Аляксандар гр. Бандынэлі, дзядзька маей бабкі, бачучы род свой угасаючым, усынавіў род Абуховічаў.


VIII. Дзьве сьмерці (З мая 1894 г.).

Зваліліся дзьве навіны, як гром з яснага неба, аб дзьвёх сьмерцях: п. п. Адам Перасьвет-Солтан і Марка Вузлоўскі ўчора разьвіталіся са сьветам. Абодва ў ваколіцах Слуцка пражылі свой век. Адам радзіўся ў першай чверці ХІХ сталецьця, вучыўся ў слуцкай гімназіі. У гімназіяльныя часы хоць быстратой лішне не выдзяляўся, але меў нахіл да літэратуры. Пробаваў пісаць вершы, але сустрэціўшыся з вострай крытыкай на свае польскія „трэны“[8], перакінуўся да пісаньня сатыры ў беларускай мове, што — трэба прызнаць — яму ўдавалася рабіць даволі гладка; аднак-жа, з гэтым крыўся і, чытаючы свае творы, выдаваў за чужыя, перапісаныя ім…

  1. Ласкавае: Ольгэрд.
  2. Такая ёсьць зьмена рэчаў (спраў).
  3. Выпіскі з разьдзелу 3—4—5-га, як ніжэй яшчэ і з іншых, не зьмяшчаюцца дзеля недахвату месца ў кніжцы.
  4. Пляфон, малюнак на столі.
  5. Наступаю на асьпіда і базіліска і тапчу дракона і вала.
  6. І Пятру і мне.
  7. Пасланьнік.
  8. Жаласныя песьні, нараканьні, лямэнты.