Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/226

Гэта старонка не была вычытаная

Х. Літэратурнае апраўданьне.

Праглядаючы мае вершы, Франціш Багушэвіч зрабіў увагу, што ў мяне ня ўсюды бываюць уласьцівыя[1] беларускай мове акцэнты[2]. На гэта я яму адпісаў:

У гаворцы ёсьць ружніца[3]
Між маею і Тваей:
Маей — пушчы, Птыч[4] граніца,
Ты — Панарскі[5] салавей!..

Гэта значыць: у Беларусі ёсьць многа асобных дыялектаў- гутарак, і ў гаворцы між Магілевам, Мозырам і Гродняй бывае вялікая розьніца ня толькі ў акцэнтах, але ёсьць і многа цікавых провінцыяналізмаў. От, напрыклад, некалькі нашых палеска беларускіх провінцыяналізмаў, — ручаюся, што іх у віленска-гродзенскай беларускай мове або саўсім ня ўжываюць, або ўжываюць рэдка. Нашчадзь — патомства, будучае пакаленьне; нішком — ціхачом, пакрыёму, хаваючыся; плён — расток, малады белы карэньчык пры зярне; і шмат іншых.

Мне перш за ўсё ідзе аб тое, каб высказаць, што я хачу, каб пачулі мысль маю і каб словы карэнныя беларускія пры помачы нашай літэратуры атрымалі як найшырэйшае абывацельства, і дзеля гэтага я не сьцясьняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульна-беларускія. Гэтак паступаючы, я кладу ў літэратуру свой прыродны дыялект беларускай мовы, даючы найлепшае з яго. У канцы невядома яшчэ, каторы дыялект беларускі пераможа. У Францыі — сьпярша дыялект провінцыі Langeu d’Oc меў перавагу ў францускай літэратуры, а пазьней Langeu d’Oni — цяперашняя францушчына. Гэта трэба памятаць і нашым літэратарам і пурызмам[6] не забаўляцца!


ХІ. Спас 20/VII 1904.

… Было гэта каля 1825 году, часы былі добрыя, і п. Кароль[7], „Нарулёнкам“ празываны ад дзеда майго, добра ўладзіўшы свае маянтковыя справы, хацеў выкупіць ад маршалка Піліпа Абуховіча Карцэвічы, адвечную Абуховічаўскую маетнасьць, каб толькі дзед мой гэту маетнасьць ад яго прыняў і прыпаручыў яму справу належачага нам спадку[8] па Бандынэліх і зацьверджаньня графскага тытулу. Тут нахлынулі важнейшыя здарэньні: выбухнула паўстаньне. На Беларусі азбраіваліся і па дварох муштраваліся. Нехта непатрэбны падгледзіў

  1. Належныя, прызвычаеныя (ад слова: ўласнасьць).
  2. Націскі ў словах.
  3. Розьніца.
  4. Прыток Прыпяці з левага боку.
  5. Панарскія горы каля Вільні.
  6. Пурызм — кірунак да выкіданьня з сваей мовы занесеных у яе чужых слоў, зьвязаны з варожасьцю да гэтых слоў.
  7. Кароль Нэрэзыуш — аб ім кажацца ў нязьмешчанай тут частцы разьдзелу.
  8. Насьледзтва.