Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/229

Гэта старонка не была вычытаная

Вот віджу сьцежачку троху-троху, віджу, што чалавек ідзець, а які чалавек — не пазнаю… За што суджуся? — За зямельку, мой дарагі панічок!

Во й табе мой сказ аб маім судзе. Жыў мой нябожчык-дзед[1] на надзелку, і вот заманіў яго Панас, мой сбратдзетны браценьнік, у валаскую[2] і на сябе зямлю запісаў… Перапісаў, значыцца… на Панаса: што вот ты ўвавекі, Панас, ня зямлі сядзі… А браценьнік мой, Панас, саўсім з другой валаской, — з Замоськай… І засталася я, з двумя сынамі і трымя дачкамі, без зямелькі. Плачу. Адна ў хатцы, як мой дзед памёр. І гадаваліся мае сынкі без зямлі… і вырасьлі патрошку… і пачалі мы за зямельку цягацца, і вот цягаемся па сьвеце… У Панаса ёсь дастаткі: дзьве кароўкі, авечкі, тое-сёе, а мы — галякі, нам некуды кінуцца, з пустымі рукамі плоха[3] судзіцца… Ну, прыдзем у валаскую, паплачам, пакланяемся… Ды што плачам возьмеш?! І судзьдзі, і пісар і ўва ўніманьне не бяруць: ідзі, баба, дамоў, табе няма зямлі. Так жалабы гадоў 7—8 пісалі, а воласьць іх касавала…

Напыталіся мы з сынам, з Міколай, што ў уезьдзе ёсь расправа і на пісара і на судзьдзяў… Сабралі мы, панічок, тры рублі, паплакалі, памаліліся Богу, і пашлі чалавека шукаць, штоб працёр нам вочкі, як праўды ў уезьдзе пашукаць. Напісаў Янкель прашэньне, і мы пашлі патроху ў уезд. Падалі. Уезд узяў на разьбіраціе. А тут наехаў новы пісар — чорны. А ў таго пісара знакомы сіклітар. Панас і завёў з ім знакомства і пачаў цягаць масла, яец, парасят. А мой Мікалай хацеў падыйці, ды не адважыўся. Мы людзі бедныя: сабралі трошку гасьцінца, ды не дабіліся і не адважыліся. Куды-ж! За багатымі і не дастукацца! Во і пацягнулася наша дзела. Мы ў уезд, а сіклітару пісар чырк: так і так, бабіна дзела спушчай! Сіклітар і пішаць у валаскую: бабінай зямлі нет! Мы і плачам. А Панас ужо гадуець падсьвінка і нясець пісару. — Схадзі ты, Міколка, — кажу я сынку: — можа падступішся… Палажу я ў карзінку дзесятак яечак… — Падыйдзі хоць к пісарысе. Пойдзець Мікола, аддасьць дзянёк і не пасьмеець падыйці. Пакуль-ні-пакуль увідзіць пісарыху і аддасьць карзіначку. А пісарыха… Я скажу пану… Ня бось, скажу…

А дзела цягніся-вядзіся, і ўсё ў Панасаву руку. Пойдзем мы ізноў к Янкелю: так і так, кажам, пішы яшчэ ў уезд. Напішаць — пададзім. А пісар чорны: чырк сіклітару, а сіклітар чырк у валаскую: бабінай зямлі нет, баба з зямлі далоў. Божа мой, Божа! Так і цягаліся гадоў дзесяць. Жмець пісар у Панасаву руку, а мы і жывём без зямлі…

І расказалі добрыя людзі, што ў губэрні праўды даб’ёмся. І напісалі прашэньне. Праўда, губэрня ня больш за году думала

  1. Так называюць старыя жанчыны сваіх мужоў.
  2. Воласьць.
  3. Цяжка, трудна.