Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/231

Гэта старонка не была вычытаная

Ты відзеў толькі балота, дзярэўню ды сьвіньней!.. Труба гэта бліскуча, як самавар, з найлепшага масяндзовага матарыялу. Адна равець, другая храпіць. Ву-ву-ву! — во як.

Ізноў-жа дудкі, наўродзе жалеек, тыя больш вярха, ціль-ціль-ціль, гдзе пісьнець, гдзе сьвісьнець! Басэтля-ж здорава гудзіць, ды і работы з ёю даволі. Жарты — ён чэшаць смыкам, аж лоб трэць. Здаровая махіна, досыць працы! Ну і так, з драбязы, у скрыпку драбняку падсыпаюць даволі, валяць у вадну руку і ўсе па кніжках глядзяць. А той пугаўём, ведай, махаець і туды, і сюды, проста пад нос бліжэйшым падступаець. Жарылі, жарылі, тады сталі, а жалейкі і скрыпкі давай самі па сабе розныя штукі вывадзіць. Ваводзяць, скуголяць. І труба да іх патроху прыстала. Я-ж думаю, вось табе й раз! Зьвялі на быкі… Аж зараз той самы пугаўём як махнуў к таму, што на канцы сядзіць, а той размахнуўся балдавешкай ды як дасьць па паўдзежку, а паўдзежак — лоп, лоп, лоп!.. Аж проста ў пяткі колець. Пад канец-жа як разыйшліся, як сыпнулі — барджэй, барджэй, ён пугаўём жарыў, жарыў і — бац! Сталі ўсе й стаяць…

Паны ці былі? Ды так што ўсе паны. З нашых, з мужыкоў, ня відаць. І я дастукаўся затое, што Сымонавы капоты надзеў і ў Трахіма ботаў дастаў. Ня ўсякага й пусьцяць. Дзе я сядзеў? Уверсе. А ўнізе — паны, на зямлі, знацца, на сьценах паны. Як — на сьценах! А так, калі, прыкладам, прыбіць да сьценак кошыкі і ў кошыкі наторкаць розных паноў, а ў сьцяне зрабіць вокны, а ў вокнах дзьверы, а цераз дзьверы ход. Дык вось ты, прыкладам, сядзіш у кошыку, а захацеў вон, адчыніў — валі, куды хочаш… Табе сьмех, балота ты!.. Толькі ўнізе паны найбольш з мужчын, сьпераду з лысых болі, тады з вайсковых, з вураднікаў, з прыставоў, а на сьценах паны з панятамі і з жонкамі. Але ўвабраны ўсё, воўк іх еж, — лоўка. Праўда, танкаваты троху з бакоў, але нічога. Усё болі ў чырвоным, а рукі голы, як вось калі дзяжу месяць бабы, і так каля шыі не зашпілена, на галаве валасы памялом, а самі фуфырацца, сьмяюцца, вачмі во гэтак, а тыя, адзаду што стаяць, — у іхнае вуха нешта шэпчуць. Там-жа на кошыку скрыначкі ад табакі: з тых скрыначак пані патроху бяруць і памалу каштуюць у прыкуску.

Тады што было? Тады, як сыгралі троху, кожны пайшоў аддыхнуць, і я драбануў. Усё болей каля боку дзяржу і ўсё віджу. Паны лупяць у харчэўню і зараз за гарэлку. Праўда, сьцябаюць лоўка. Толькі нятак, як у нас: у нас болей проста з горла ды ў горла. А там кілішкі, як журавель, і закуска, і рыжы чалавек каля іх бегаець. Я, гэта, выняў цыбук, хацеў пакурыць. Аж нейкі курносы кажаць мне: „А ты што?“ — „Я, кажу, з гарладзёркі“. А ён мне кажаць: „Падальшы, падальшы!" Я тады каля сьцяны, ды ў дзьверы; ды ня ў тыя. Заблудзіўся.