Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/232

Гэта старонка не была вычытаная

Во, каб цябе! Праўда, рыжы падышоў, паглядзеў на мае дакумэнты, ды мяне за руку, ды за плячо, ды на лесьвіцу: „Калі, кажаць, ты з гарладзёркі, дык і сядзі на гарладзёрцы“. — „Я, кажу, заблудзіўся троху“. — „Ідзі, кажаць, пакуль, па шыі не палучыў“. Але ўсёткі, відаць, з благародных: і гаворыць ласкава, і ня штурхаець. Я вышэй, вышэй, бокам і трапіў на свой трахт ды на свае дываны.

Гляджу на бакі, уверх, уніз. Аж разам той самы пугаўём — шарах! А тыя — хто ў трубы, хто ў скрыпкі… Тады, браткі, і сьцяна паднялася. Дадушы-ж, паднялася! Сьцяна такая намалёваная, з конямі. Гляджу я. Божухна Ты мой! Выскачыла многа ўсякага люду, але не ад тутэйшых паноў, і давай пяяць. Расьпінаюцца, крычаць, гойкаюць, бегаюць, скачуць — усё во гэтак падскокам. Тады к ім выскачыў нехта белы, у балахоне. Бегаець, скуголіць і рукой во гэтак паказаваець. Ізноў якая-то баба ці-то маладзіца да іх падскочыла. Пішчыць, плачаць, аж за сэрца хапаець. І Бог ведаець, якое што тут зачыналася, аж уваччу замітусілася. Нічога не гавораць, а плачуць, гойкаюць, за горла хапаюць, рукі ўверх падымаюць. Во так болей: го-го, го-го, гі-гі-і! Зайцоў зганяюць? Не-е! Гэта не балота! Я сам сьпярша думаў, што, знацца, гоняць каго, аж не-е. Яны так між сабою. Пакрычаць, пойдуць адзін к аднаму, абнімуцца, цалуюцца і ўзноў разойдуцца. Тады белы, што ў балахоне, падышоў к таму, што з пугаўём, і пачаў крычаць: крычыць адзін, аж голас трасецца, і руку к яму цягнець, пугу, мусіць, хоча схапіць; а той, ведай сваю справу — жарыць, а той тонкі каля басетлі працуець. Гляджу я: сьцяна валіцца, валіцца! — і закрыла таго, што ў белым. А паны давай крычаць, б’юць у далоні, дзяруць горла, аж вочы вон. Найболей з гарладзёркі, нагамі навет стукаюць. І тыя, што ў кошыках, плёскалі, але патроху… Усякі на ўсю сілу крычыць: брысь, брысь, брысь! А другога нічога не разабраў. Крычалі, пакуль белы цераз дзірку галаву не прасунуў. Прасунуўся і кланяецца. Во гэтак. Ён-жа пайшоў к сабе, а яны ізноў крычаць; так крычаць, асабліва з гарладзёркі, што аж вочы на лоб. У мяне аж у вушох затрышчэла. Думаю сабе: пайду прачухаюся на холадзе. І пайшоў, каля сьценкі збачыўшыся, ды на лесьвіцу, ды па лесьвіцы, ды к дзьвярам, ды к другім (тут я ізноў лысых увідзеў: мусіць к гарэлцы пайшлі) ды к трэцім, ды за дзьверы. Гляджу, аж Сымон і Трахім мяне ждуць, піпкі паляць. — „Хадзі, кажуць, дамоў, бо Мэндаль запрэць кватэру. Заўтра, кажуць, рана трэба на машыну“. — „Во, каб вы выхварылі! Яшчэ, кажу, прыстаўленьне будзець!“ А яны: „Мае боты, мае капоты, трэба на машыну“…

А што робіць? Як не мае, знацца, боты, ды не мае капоты, ды й ад кумпанства не аставацца, дык я й драбануў з імі на кватэру, а тады і дамоў.

Дык вось якая справа, а ня тое што Панасавы цынбалы… Цьфу!