Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/234

Гэта старонка не была вычытаная

Пісар.Купі ў мяне, судзьдзя, цялушку… Во,цялушка! Глядзі-ка, як важна ходзіць па двару. (Усе ўстаюць і нахіляюць галовы да вакна. Чуецца: „О-о-о“).

Янка.Кх… кх… Дзеткі мае слабыя… а старэйшая саўсім сьляпая… І Бог ведаець, ці будзець калі відзець… Я сам слабы на ногі. Вы самі, паночкі, відзіце, якое маё падыханьне ёсьць на сьвеце… А брат мой Пахом…

Старшына (перадражніваючы).Што там табе ўсё брат ды брат. Здаецца, ён і чалавек, як чалавек, а ты толькі дурыш дарма.

Янка.Можа ён старшыне й добры, а мне дык зусім жыцьця няма, — таму ў яго сіла… І сваіх дзетак у мяне поўная хатка… Семерка дзетак… Дробных, як бульба. Сёмы гадок сядзіць сьляпая — ні з места. Сам я працую да крывавага поту… Мае во гэтыя рукі за ўсё адказуюць… А брат шэсьць гадоў жыў на фальварках. Хацеў маёнтак зажыць. Наш бацька, нябожчык, падзяліў нас роўна: мне на пяць душ дзьве трацьцінкі зямелькі, а яму на дзьве душы — адна трацьцінка. І яму было бяз крыўды, і мне было бяз крыўды, таму бацька наш, як і вы ведаеце, па справядлівасьці жыў, людзей ня крыўдзіў… Ён-жа сам тады не хацеў жыць сумесна. Пайду, кажаць, на ранду, а цяпер…

Старшына.А вун, здаецца, і пан Калдуноўскі паехаў…

(Пісар нахіляецца ў вакно і ківаець галавою Калдуноўскаму).

Янка.Цяпер, паночкі, што ён са мною зрабіў!.. Ён мяне з гаспадаркі зсадзіў… Зсадзіў да шчэнту… Зарэзаў…

Пахом (з грамады).Чым я цябе зсадзіў?

Янка.Чым зсадзіў? Усім відаць, чым зсадзіў. Я к старшыне разоў дзесяць хадзіў жаліцца…

Старшына.Калі ты ка мне хадзіў?

Пісар (да старшыны).Пастой. (Да Янкі). Чаго ты тут чмурыш бяз толку? Ты жалішся, што брат цябе пабіў, дзяцей тваіх выганяець з хаты, б’ець гаршкі, а ты хіба яго ня б’еш? Пахом Цімахвееў! Біў ён цябе?

Пахом (выціскаючыся з грамады).Паны судзьдзі, пан барын, і пан старшына! Каб мне скрозь зямлю праваліцца, калі я біў яго!.. Няхай яму тое ў грудзі!.. што ён на мяне кажаць… Я толькі замахнуўся, а ён мяне во па гэтым месьце (паказвае на сьпіну) — як ляпнуў… як ляпнуў… а я — брык, паночкі, аб зямлю ды чэрапам аб карыта… Проста аб карыта…

Янка (у вялікім абурэньні).Паночкі! Во жонка мая — зусім хворая, а ён і яе, — ня толькі што мяне… як хопіць… і дзяцёнка…