Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/237

Гэта старонка не была вычытаная

Янка.Але што там — пан!.. Пан ды пан… Пан з старшыною за яго. Усе людцы гэта ведаюць… Чаго да мяне брат прыцураўся? Ды калі-б прыцураўся і сваю гаспадарку прынёс, ато прышоў з пустымі рукамі, заняў пол, дзетак маіх вон гоніць, мяне б’ець, жонку б’ець, гаршкі б’ець, а падаць сьняданьне альбо вячэру — ён-жа першы ля столу з дзяцьмі… Другі год такое жыцьцё! Рату-уна-чку няма! Браткі мае! Ратуйце ад сьмерці-і-і! (Плачаць).

1-ы судзьдзя.Ды што там талкаваць? Разьбярэцца, як пан прыдзець!.. Пан на гэта ’дукован.

Янка.Ды што-ж, калі пан прыдзець? Хіба лягчэй мне пры пану?.. Лявонавіч, ты-ж усёткі відзіш, якое куды што ідзець… І якое маё жыцьцё… Бульбу Пахом выкапаў… Тады мала яму гэтага… пашоў у клець і выграб муку і занёс да Бэркі, а сабе ключ узяў… Я — к старшыне жаліцца: вы сабе, кажаць, біцеся, калі дзяліцца з ім ня хочаш… Тады я… у восень падаў жалабу… Суд пацягнуў за яго, за Пахома, знацца… Я ўзяў кофію — ды ў прысуцтва. Прысуцтва сьпісалася з валаскою і на! прысудзіла тое самае разабраць валаскім судом… Тады я папрасіў напісаць і махнуў прашэньне ў губэрню… Губэрня думала з паўгода і прысылаець па маёй жалабе паперу, што, знацца, адмяніць што якое было раней… і Пахому, знацца, трацьціна, а мне дзьве трацьцінкі на 8 душ па маіх сілах… Але хоць і губэрня напісала і падпісалася, а ён мяне ўсеткі зжываець, таму ў яго болей сілы-ы-ы… (Плачаць). Стараста прыдзець, быццам выганіць яго, а сам толькі шэпчацца, што, знацца, енчы яго, енчы яго, мяне, знацца, тады ён і трацьціну аддасьць… Ты яго, кажаць, цісьні, як ніхто ня відзіць…

2-і судзьдзя.Памойму, знацца, трэба было-б Пахома ці сьцебануць, ці пад арэшту… Таму супроць закона і непаслухмянства…

1-ы судзьдзя (зяваючы).Ну, Лявонавіч, ты-б усіх ці пад арэшту, ці ў работу, ці абсячы… а трэба справу глядзець па праўдзе, па кнігах, па ’дукацыі… ’Дукацыя — перш-наперш…

3-і судзьдзя (закураваючы).Пойдзем, браткі, пакуль адпачнём… Таму бяз пана толку няма…

1-ы судзьдзя.Пойдзем. Аднак і старшына там.

Выходзяць у бакоўку, і цераз нейкі час адтуль чуецца голас старшыны: „Пі на мой адказ!“ Сяляне гамоняць цішком. Янка стаіць ля краткі з пахіленай галавою і часта ўздыхаець.

1-ы мужык з грамады.Пакуль перап’юць — аддыха ад працы, ад турбацыі…

2-і мужык.Добрая аддыха, — дай, Божа, перапіць у кумпанстве… на чужы кошт.