Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/240

Гэта старонка не была вычытаная

мейных зьявіцца на месца самой справы старасьце Сідараўскай грамады, а за несупакойнае сужыцьце яго з братам і частае парушэньне супакою воласьці ўзяць яго пад арэшт пры воласьці на адны суткі часу“.

Янка (у вялікім абурэньні выступаець наўперад).Які-ж гэта суд? Мала што брат пісару паднясець альбо старшыне паставіць…

Пісар (крычыць).Маўчы, дурань!.. Цяпер разьбірацца будзець справа Вікеньція…

Янка.Браткі мае! Гэта чысты разбой!.. Мне дайце кофію… Я жалабу да губэрні!.. Мне губэрня дасьць парадак!.. Яна не паглядзіць вам у зубы…

Пісар.Маўчы!.. Цяпер выхадзі — Вікеньці Васільлеў!

Янка.Што брат занёс пісару цялё й масла…

Пісар.Стораж! Вядзі гэтага дурня ў цёмную! От, быдлё!

Янка (жэстыкулюючы і адпіхаючыся ад стоража).За што мяне ў цёмную? Чым я каго пакрыўдзіў? У мяне сьведкі ёсьць, што брат мяне забіў!.. Што я капейкі за душою ня маю, каб вам вочы заліць… Бельмы старшыновы… і стараставы…

Старшына.Бяры яго з другога боку (Хапаець яго за плечы, Янка валіцца).

Янка (асіпшым голасам). Я ня ведаю… хіба… што ты цэлыя ночы… п’еш кроў хрысьціянскую… што брат для пісара і карову і каня прадаў…

Пісар (памагаючы цягнуць). Цягніце яго, подлага!

1902 г.


З АПАВЯДАНЬНЯ «МІКІТАВЫ ХАЎТУРЫ».

І.

У Мікіты з леташняга году стала ўдушша. За сахой ён ня мог ужо хадзіць, хоць і не стары быў па гадох: меў троху болей за шэсьцьдзесят. Кашаль яго зусім надарваў і прымусіў залезьці на печ. Тут дзедава жыцьцё пацякло дужа нудна: няцікавае падыханьне — ляжаць цэлую восень, цэлую зіму бяз усякага ўсяго.

А як прыйшла вясна, ды прыляцелі птушачкі, ды павеяла цёплае надвор’е, ды як сталі снудзіць сыны калёсы, сохі, бароны, — выйшаў дзед на прызбу. І так яму сумна зрабілася, што ён нікому непатрэбны, убогі, гулявы чалавек… Дзед рад сонейку, рад-бы век з ім не расставацца, ды кашаль ад ранішняга ветру яшчэ люцей к горлу падступаець, і ён ціха пляцецца ў хату і караскаецца на печ.