Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/241

Гэта старонка не была вычытаная

А неўдаўзе перад Купальлем дзеду так грудзі сьцяла і горла залажыла, што нечым стала й дыхаць. Дзед схіляў галаву з контура і кашляў без канца на ўсю хату.

Сыны яго, Янка ды Сымон, надта былі занятыя працаю, часу ня мелі аб дзеду клапаціцца. Ды-ткі праўду казаць, дзе можна раду знайці ад старасьці альбо ад старога кашлю? Гэта старасьвецкая хвароба. Адлежыцца на печы — хваліць Бога, не адлежыцца — з Богам ня біцца. Зельля хадзіў Сымон прасіць у бальніцы, а дзеда не вазіў. Фэльчар, праўда, бяз ніякай спрэчкі даў парашок і сказаў: „Хай стары ня есьць кіслага й чорнага хлеба… Хай твая баба варыць яму крупеню з мясам і даець хоць троху малака“. Дзед парашкі выпіў з вадою, а без капусты і бяз хлеба ня мог абыцца: якія-ж дастаткі ў хаце, каб пірагі ці крупеню з мясам есьці? А малака таго — хіба дзяцём па кухлічку.

Нявестка, жонка Сымонава, часта дзеда лаяла, што ён ні-то здаровы, ні-то хворы, ні-то чмурыць. Хлеба яму накраі, капусты налі, вады паднясі, з печы памажы лезьці, лапці пасушы, анучы памый — нялюбы клопат старога даглядаць. Іншае што, каб сьвякрова жыва была, — яна-б і даглядала. Але ня столькі таго й клопату, як зьвягі: нявестка языком больш звадзіла дзеда, як помачы давала.

У дзеда засталася пасьля нябожчыцы жонкі дачка Маланка. Вялікую ўцеху рабіла дзеду яе ласкавае слова, асабліва калі яна ўссаджавала к дзеду на печ маленькага дзедавага выхаванца, унука Цімошку. Хлопчык, пачуўшы, як дзядуля стогнець, садзіўся яму на калені і прытуляўся да грудзей.

— Дзеткі мае любыя… відаць, сьмерць мая недалёка… — казаў дзед, галубячы ўнука.

— Татачка, маё золата… — хліпала Маланка, цалуючы дзеда. — Ты не памрэш… Кашаль? А ты не кашляй, грудзей ня рві… Во цяпер Купальле блізенька, я табе красачак нарву… Ну, выпі вадзіцы… і кашаль адпусьціць…

— Дзед! — казаў Цімошка, зьлязаючы далоў з печы, — мы з табою каня павядзём паіць. А тады запрагай калёскі — на кірмаш паедзем.

— Ах, дзетачка маё роднае, расьці на здароўе, а я ўжо аджыў сваё… Ах, як цяжанька… З таткам паедзеш… Татка Цімошку на кані павязець…

Пачулі сыны, што дзеду папраўкі няма, пайшлі прасіць Янчыху, каб зельля дала. Янчыха прыслала вады: „сем раз глынуць, сем раз папырскаць, — рукою зьнімець“. Але дзеду зельле рады не дало; перад вечарам зусім стаў слаба дыхаць і шэптам прасіў, каб прывязьлі бацюшку для споведзі.

З трудам удалося зьняць Мікіту з печы. Цяпер толькі сям’я яго ўвідзела, што дзедава сьмерць за плячмі, і неяк раптам усім жудасна стала. „Здаецца і ня ў прыцямку было… працы многа, хапаліся гараць, — думалася кожнаму, — спадзяваліся… цёпла