Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/243

Гэта старонка не была вычытаная

Разанулі, размахнуліся… Каса ў мяне гудзіць-зьвініць, здаецца, за вярсту адыйшоў, аж Мікіта тут пад ногі падступаець…

— Ды йдзіце вы, бабы, годзе вам плакаць, — умаўляў тымчасам баб Сымон… — Адцягні ты, Янка, Маланку… Ідзіце, бабы, выпійце… Ну-ну, ня плачце, ня выймайце вы ў мяне душы, — казаў ён са сьлязьмі ў вачох… — Гора мне з вамі!

А дзяк у лад агульнаму клуму й гоману, перачытаваў старонку за старонкай псалтыру. Яго аднастайнае, хаўтурнае, з расьпевам чытаньне гучэла асабліва рэзка па хаце ў тыя перарыўныя часіны, калі ўсе раптам сьцішаліся. Голас яго зусім не падходзіў пад агульны настрой: „Вскую любіце суеты і ішчэце лжы… Возверзі на Господа печаль твою.[1]

— Ды ты, Сідар, ня піў, здаецца? — прыставаў тымчасам Сымон да Сідара, які не гаманіў з усімі разам і сядзеў на палу ля печы.

Господі, Господь наш, яко чудне імя Твое по всей землі…

— Я ўжо піў адну; а болей — не, не! — аднекаваўся Сідар.

Сымон паставіў пляшку на вакно. Усе спачатку дружна гаманілі, галасы іх зусім глушылі псалтырны напеў, але неўзабаве адзін па адным пачалі выхадзіць дамоў, і цераз больш-менш даўгаватыя перапынкі часу былі ўжо такія моўчкі, калі голас дзяка і траскатаньне запечных цвыркуноў моцна разьлягаліся па хаце. Ды во йзноў нехта перарвець маўчаніну, спомніць, як даўней жылі пры панох, як даўней многа было рыбы й ракаў, як карчмарам добра жылося, як гарэлку патаённа курылі, як даўней коній кралі і як-бы ладна было, каб ня было зусім ні зладзеяў, ні разбойства, ні гандляроў, каб людзі не забываліся на сьмерць і на Бога, — і моўчкі ўзноў пануюць, а каля печы нехта пазяхаець.

— А я так думаю, — казаў Базыль Капцявы, — што яжэлі чалавек жывець, то й паміраць надыбе… Надыбе на Бога не забывацца… Тут жывеш на зямлі, тут рыешся, думаеш, век-вешны будзеш панам, а тут на! табе — сьмертухна! Бывай здаровенька тады ўсё, адказавай і хамуты, і бароны, і якое што іншае мазалём сваім дабыў… А затое, што зямля табе і неба табе… Во што!

Усе згаджаліся з ягонымі думкамі, ніхто ня сьпіраўся, а старыя дужа ўздыхалі, цялі сябе ў грудзі і паўторавалі: „Ах, Божухна Ты наш міласьцівы! Ах, грэшныя мы людзі на сьвеце!“

— Мікітава хоць-бы жыцьцё… Чалавек трудзіўся, енчыўся… а во напала ўдушша… Рады няма!

Прапяялі пятухі. Людцы хрысьцяцца і многія, пазяхаючы, выходзяць. Пасярод хаты ўжо пуста. Мужчыны сядзяць на лаўках, панурыўшы галовы. У кожнага невясёлыя думкі. Сьмерць

  1. Намарна любіце жыцьцёвы клопат і шукаеце падману… Да Бога зьвярні тугу тваю…