Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/244

Гэта старонка не была вычытаная

як слова падыйшла да кожнага. А Мікіта ляжыць зусім пакойна, з тою-ж пячаткаю няверы на твары… Ён усё, здаецца, думаець аб нечым, нешта хоча пераказаць сваім хатнім, сваёй Маланцы, як быццам аднаго толькі слова ня маець… Во дайце яму гэнае слова, уздумайце, пачніце толькі яго вымаўляць, і ён усё перакажаць. Ляжыць Мікіта са сваёю труднай думай на чале, і сьвяча васкавая, самадзелкавая, над галавой у яго міргаець, патрошку трашчыць, а закапцелы аблік сьвятога Міколы аглядаець усіх людцаў.

Божэ, Божэ мой, вскую оставіл мя… далечэ от спасенія моего словеса… — разносяцца ўжо валадарныя гукі дзякоўскага чытаньня, і пад яго тужлівасьць яшчэ ніжэй схіляюцца галовы змораных цяжкою дзеннаю прыпарнаю працаю сялян.

— А што, браткі, пара ўжо й труну пачынаць рабіць? — спытаўся Сымон.

— Ды што-ж? Трэба прыймацца, — адгукаецца колькі чалавек.

Мужчыны ўзьняліся з лавак і сталі распранаць армякі, скідаць насовы, лепей падпяразваліся і вешалі шапкі на крукі.

Тодар прынёс з надвор’я тыніну і зьмерыў нябожчыка. Янка палез на вышкі і стаў скідаць адтуль дошкі. Мужчыны адзін за адным выйшлі ў сенцы і панясьлі дошкі ў істопку, куды Сымон да гэтага часу прынёс тры пляшкі гарэлкі. Мужчыны пераксьціліся, выпілі па чарцы і застучэлі сякерамі, астружкамі, зазьвінелі піламі…

— Слаўныя дошкі Мікіце трапіліся! У гэтакай труне адлежыцца ён, аж бакі забаляць, — жартаваў Базыль Капцявы.


ІІІ.

..................................

Сымон пабег па хатах прасіць яму капаць. Ахвотнікаў не знайшлося: мусіў бегчы ў поле — многія выехалі ні сьвет ні зара ляды церабіць. Доўга Сымон упрашаў Самуся і Кубышку зрабіць Боскую міласьць — пастарацца на дзедавы косьці ямку. Суседзі мулілісь, часалі патыліцы, жалілісь на тое, што работы па горла ў прыпарны час, але Сымон не пакідаў прасіць, кажучы, што ў яго толькі на іх і надзея, што Кандрат і Пятрок пойдуць на зборку ў воласьць, што Банадысь адзін над зямлёю б’ецца (сыны яго на заработках у Мітаве), што Хвядос і рад памагчы гору, але руку пасек, што Сапрон таксама не адмаўляецца, але прыдзець на падмогу пасьля сьняданьня. Суседзі паслухалі. Яны вярнуліся дамоў, адпраглі коні, знайшлі грацоўкі[1], зьнялі мерку з Мікіты і пайшлі на могільнік. На дарогу ім далі на хаўтурах чатыры пляшкі гарэлкі.

  1. Лапаты.