Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/245

Гэта старонка не была вычытаная

— Суседзі мае любыя, — казаў, як выхадзілі яны, Сымон: панатужцеся… час позны… трэба дзеда з паўдня-б хаваць… А прыдзець Сапрон на падмогу, прынясець яшчэ гарэлачкі… Трэба-ж добрым людцам і падкрапіцца, работа нялёгкая…

— Ды ўжо ня будзем марудзіць… Не ляжаць-жа Мікіце цэлы дзень бяз усякага ўсяго… Аддыхнуў за свой век, на печы лежачы, — сьмяяліся суседзі.


ІV.

..................................

У хаце, як прыехаў бацюшка, выцьцё падняслося. Мікіта ляжаў ужо ў труне. Труну паставілі на зэдліку ля лаўкі. Бабы абступілі яе з усіх бакоў. Прычытаваньні зьліваліся ў жаласны, маркотны скогат…

Мужчыны ад раньня й начы пасьпелі значна падбадрыць і падкрапіць сябе гарэлкаю. Тыя, што майстравалі труну, стаялі цяпер ля печы й даволі клумна гутарылі аб тым, што на сьвеце ёсьць многа ўсяго ўсякага. Базыль Капцявы даводзіў свайму супярэчніку, Мартыну Капцу, што ён многа людзей пахаваў на сваім веку, і не такіх, як Мікіта, што ён усяго ўсякага перавідзеў, што ён знаець усе парадкі, што ён і па пісьменнай часьці можаць расьпісацца, што ён і не такі тутун курыў, што ён заслужыў на чарку гарэлкі, што ён… Але Мартын спыніў яго, паказаўшы на вакно, з якога відаць было, што прыехаў бацюшка, і пара, знацца, усякую гавэнду скончыць.

— Ды я што?.. Я нічога… Я сваю работу знаю… — гарачыўся Базыль. — Я цэлую, ноч працаваў… Мікіце дамавіну пастроіў. Прынамся ёсьць дзе расьцягнуцца… Пастроіў дом на векі! Будзець век… векаваць і нас спамінаць!

— Адвядзіце баб ад труны! — сказаў бацюшка, паказваючы на груд плаканьніц. Мужчыны з дапамогаю Йванавіча (дзяка) сталі адцягваць баб. З трудам адставалі заплаканыя твары ад мерцьвяца. Бабы зьдзержавалі сьлёзы, што каціліся градам. Сунятае выцьцё патроху стала перахадзіць у ціхі плак і ўздыханьні.

Пачаўся провад.

Бабы зашапталі малітвы, абціраючы сьлёзы рукавамі і зьміраючы сваіх дзяцей.

Мужчыны таксама шапталі малітвы, пільна хрысьціліся і дужа ўздыхалі.

— Ах, Божа наш міласьцівы!.. Ах, грахі нашы цяжкія!… Ах, Матка наша, Царыца Нябесна! — чулася ў розных кутох хаты.

Ды во запяялі „Пріідіте последнее цэлованіе“, і бабы ўзноў абступілі Мікіту. Цяпер жаль стаў найвялікшы. Здавалася, усё гора, якое сабралася ў душы беднага чалавека, ха-