Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/247

Гэта старонка не была вычытаная

Дарога на могільнік ішла па кургану, цераз яравое поле. Здалёку за даўгім шнуром лагоў цякла рэчка. Нівы былі ў самай сіле. Аўсы, гарохі, ячмяні на сьвятле заходзячага сонейка глядзелі радасна. Жаўранкі лілі сваё: цюр-люр-лю! бесьперастанку. Зязюлька за рэчкаю цьвярдзіла сваё спрадвечнае: ку-ку!

Ціха плятуцца людцы за труною. Чуюцца цяжкія ўздыханьні. Вочы працоўнага люду радуюцца ласцы Боскай, — радуюцца буйному росту ярыны, ды разам з тым і маркота сьціскаець грудзі пры думцы, што сьмерць за плячмі.

За папарам пачынаецца сасновы бор, у якім і ёсьць кладзішча[1]. Векавыя сосны прынялі пад свой засень груд крыжоў. Тут спрадвеку-вечнага ляжаць дзяды-прадзеды Мікітавы. Сюды сыйшлася уся сіла сялянская, каторая сотні гадоў пахала-ўрабляла зямельку. Адны крыжы ледзьва ўжо дзяржацца на сваіх камлях, другія не пасьпелі яшчэ пачарнець. А во пад гэтай старою сасною — усьцяж сьвежыя курганкі, у якіх закапаны дзеткі, скошаныя ў тую зіму шкарлятынай. А гэта грамадка крыжоў, большых, меншых і серадовых — гэта магілы Нікіпара і яго сям’і: за адзін месяц выправіла сюды гарачка бацьку і яго пяцёх сыноў.

Ля магілы старога Грыгора, над каторым сыны яго паставілі вялікі чырвоны крыж з абразом Спаса, — і выкапалі яму Мікіце. Што-ж? Жыў Мікіта з Грыгорам у дружбе. Ніхто ня помніць, каб яны за што вадзіліся. Грыгор Мікіту паважаў за чалавека неблагога, сваім чарадом і Мікіта любіў Грыгора за яго шчырую душу. І калі жывучы ня вадзілісь, дык у магіле — і патым-таго.

— Сабраліся старыя ў дружбу, — заўважалі прынёсшыя труну: — ну й паляжаць у дружбе…

А Маланка гаманіла з бацькам на астатняе разьвітаньне:

Маё золата, татачка,
Мая рыбачка, татачка,
Сонейка маё яснае!
Адчыніце мне труначку,
Дайце мне татульку пацалаваць,
Дайце мне на татульку паглядзець,
Татулька ў лесе застанецца,
Татулька зямелькай засыплецца…

  1. Могільнік.