Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/256

Гэта старонка не была вычытаная

Не, трэба Бога прасіць,
Каб Ён даў хлеба і кашы.
Я насіў каліту і шабалтас,
Толькі што ня мог у дуду іграць;
А цяпер Хведар і Пратас:
„Я, кажаць, не магу араць!“
Усе сталі, як панічы,
І вучацца піць гарбату;
Не, ня ўсім нам есьць калачы,
А трэба любіць саху, тапор і лапату.

VІІ.

Ні бацькі ні маткі ўжо ня слухаець,
Мяне бярэць ужо за грудзі, —
Ці гэта-ж з яго ўжо будуць людзі?
Ды старым дураком называець,
Бо ўжо на сілу надзею маець;
Як у гэтай школе пабыў,
Дык і на работу ўжо забыў.
У лапці ўжо ня хочаць абувацца,
Ды каб смачна нажрацца.
У кішэнь рукі кладзець
Ды ўжо і грошы патроху крадзець.
Да паўдня сабе сьпіць,
А ўстаўшы ідзець гарэлку піць.
А тады ўжо ходзіць ды сьвішчаць
Ды на бацьку вочы тарышчыць.
„Я, кажаць, цяпер ня панскі, а вольны
І розум маю ужо поўны!“

VІІІ.

Назаві яго: Мікіта,
Дык ён не адклікаецца, —
„Я, кажаць, ня Мікіта“.
А я кажу: а хто-ж ты?!
А ён кажаць: „Я — Нікіт, а ня Мікіта!“

ІХ.

Нядобра, што нетуці на іх пана!
Перастаў-бы ён па вуліцы хадзіць ды сьвістаць
І перастаў-бы ён гарэлачку лыкаць,
А пашоў-бы ён касіць, дровы сеч і араць, —
А ня было-б яму часу гігікаць.