Старонка:Хрыстаматыя беларускае літаратуры. ХІ век—1905 год.pdf/71

Гэта старонка не была вычытаная

Быў Аляксандар навет у такой зямлі, дзе заўсёды цёмна, бо сонца з-за вялікіх бяз меры гор ніколі ня відаць. Ён на грыфах узьлятае на неба, нырае на дно мора, запірае ў горах паганыя народы Гога і Магога, гутарыць з голымі філёзофамі-брахманамі, маець перапіску з амазонкамі і г. д.

Вярнуўшыся ў сваю новую сталіцу Вавілон, Аляксандар паміраець. Яго атруцілі прыбліжоныя.

На гэтым „Александрыя“ канчаецца.


Повесьць а Троі.

„За часов колі царствовал̅ дв̅д’ (Давыд) сын’ іесеов в землі жідовско̅ был’ в’ елінех цар’ поморск̅і̅ іменем прідеш’. котор̅і̅ одного часу для ловеня зверу заплыв до некоторой велмі оздобноі (прыгожай) і веселоі выспы (вострава). в которо̅ з одно̅і стороны прілежіть море велікое; а з друго̅і скомандра река; з трете̅і стороны пелешіно море або озеро велікое: з четвертоі стороны прітягнул̅ лугм названы додома: а з пято̅і̅ стороны доліна і лес’ пріточіл’ где велмі есть садового і розмаітого (самага рознага) дерева уподобал̅ собе цар’ оны̅ (гэты) остров’ і положен̅е̅, зара̅з на імя свое место заложіл̅ которое муровал’ аж до смер̅ті свое̅. Пріказал̅ теж’ і сыну своему уміраючі абы не переставал̅ оного места будоваті. І так’ одін̅ другому уміраючі по собе поводь давалі…“

Троіл закончыў будаваньне Троі. Наступнікам Троіла быў Прыям, жонка якога, Якама, сасьніла, што ад яе радзілася галавешка, спаліўшая Трою. Чараўнікі разгадалі гэты сон так, што ў цара Прыяма родзіцца сын, за каторага Троя пагіне. Якама, жадаючы, як і ўсе, пазбыцца гэткае бяды, дзеля матчынай любові даручаець, аднак, свайму слузе занесьці і кінуць нараджонае дзіця жывым воддаль ад места ў пушчы. Тут знайшоў яго пастух, узгадаваў і назваў Фарыжам (Парысам). Ужо на сёмым годзе хлопчык звадзіў быкоў біцца і быка-пераможцу азначаў вянком з алівы, а пераможанаму ўскладаў на рогі вянок з саломы. Калі ён вырас, яму карціла хадзіць да панскіх дзяцей. Трапілася яму неяк быць на адным балі.

„Былі теж̅ на он̅о (гэтай) учте трі невесты вешч’кі (чарадзейкі), которіх̅ елліні за богіні мелі“.

Парыс мусіў прысудзіць яблык самай з іх прыгожай.

„А фаріж̅ прізнал̅ елнушу межі оныі богіні оздобнеш̅ою“.

Гэтая багіня сказала яму, што ён не пастухоў сын, а Прыямаў і Якамін. Тады ён вярнуўся да сваіх запраўдных бацькоў, і яны прынялі яго, але пачалі ізноў будаваць Трою дзеля яшчэ лепшай абароны.